Як у арміі: дрэвы на вуліцы Савецкай у Гомелі фарбуюць у зялёны колер (відэа)

Гомельскія ўлады распачалі ў апошнія дні актыўнае добраўпарадкаванне цэнтра горада: фасады дамоў атрымліваюць новую афарбоўку, тэрмінова закладваецца падмурак новай дзіцячай лякарні, а добры асфальт на галоўнай вуліцы горада мяняюць на такі ж самы па якасці. Прычына аўралу крыецца ў магчымым прыездзе кіраўніка дзяржавы ў абласны цэнтр. У сваім жаданні не ўдарыць тварам у бруд камунальныя службы нават сталі падфарбоўваць дрэвы, каб тыя выглядалі зялёнымі і здаровымі.

homel_paint_tree.jpg

Відэа, на якім працаўнікі прадпрыемства «Чырвоны гваздзік» фарбуюць дрэвы на вуліцы Савецкай, даслаў гомельскаму парталу «Наш Гомель» неабыякавы жыхар горада.

У каментары да відэа прагучала меркаванне, што на самой справе камунальнікі наносяць на абрэзаныя галінкі адмысловую смалу, каб дрэва не балела. Ці так гэта насамрэч застаецца невядомым.
Нагадаем, што не так даўно, у падфарбоўцы колераў з дапамогай балончыка, былі заўважаныя прадаўнікі гомельскага ГЦ «Didas Persia».
Паводле «Гомельскага Зялёнага партала»