Як змагацца з дэкрэтам «аб дармаедах»? Вынікі круглага стала прафсаюза РЭП

Прадстаўнікі незалежнага прафсаюза РЭП, праваабаронцы і юрысты сабраліся са ўсёй Беларусі 1 лістапада, каб абмеркаваць  магчымасці грамадзянскай супольнасці супрацьдзейнічаць дэкрэту № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», вядомага як дэкрэт «аб дармаедах». Па выніках круглага стала ўдзельнікі распрацавалі шэраг рэкамендацый па далейшых дзеяннях.

З самага пачатку мерапрыемства паміж прысутнымі распачалася гарачая дыскусія наконт таго, з чаго пачынаць працу. Прадстаўнік магілёўскай філіі ПЦ «Вясна» Барыс Бухель адразу прапанаваў ніяк не рэагаваць на «лісты шчасця» з падаткавай:

«Да магілёўскіх праваабаронцаў ужо пачалі звяртацца людзі, якія атрымалі лісты з падаткавай. І я ім кажу, каб яны нікуды не хадзілі, акрамя тых выпадкаў, калі ў чалавека ёсць «шкілет у шафе» – напрыклад, ён здае кватэру без дамовы. Трэба, каб набралася «крытычная маса» так званых «дармаедаў», якія ўжо потым з дапамогай праваабаронцаў маглі б ладзіць сумесныя паходы ў падаткавую ці ў суд».


Іншы магілёўскі праваабаронца Валадар Цурпанаў падкрэсліў, што ў першую чаргу трэба сканцэнтравацца на распрацоўцы інструкцыі канкрэтным людзям, якія атрымаюць лісты з падаткавай. Такая інструкцыя павінна тлумачыць, што рабіць, калі прыйшло апавяшчэнне.

Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага Камітэту Гары Паганяйла выказаў упэўненасць, што «нават у нашай неправавой дзяржаве магчыма ўздзейнічаць на сітуацыю прававымі метадамі». Таму перад прафсаюзнымі актывістамі і праваабаронцамі стаіць задача распрацоўкі адзінага алгарытму дзеянняў для юрыстаў, якія будуць працаваць па гэтым пытанні.

Кіраўнік прафсаюза РЭП Генадзь Федыніч прапанаваў пачаць адпраўляць лісты па падаткавых  ўсіх раёнаў краіны, каб даведацца, на якой стадыі рэалізацыі знаходзіцца Дэкрэт, і колькі чалавек на дадзены момант заплацілі падатак.

У выніку, пасля абмеркавання праблемы ў групах, удзельнікі выдзелілі асноўныя накірункі, у межах якіх будзе працягвацца далейшая праца.

Па-першае, гэта праца ў прававым полі. Плануецца распрацаваць алгарытм дзеянняў для грамадзян, якія атрымалі лісты з падаткаваў, а таксама рэкамендацыі для юрыстаў, да якіх будуць звяртацца гэтыя грамадзяне. Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага Камітэту Гары Паганяйла, у сваю чаргу, паабяцаў, што БХК будзе выкарыстоўваць усе магчымасці для аспрэчвання Дэкрэта №3 на міжнародным узроўні.

«Ёсць два міжнародныя механізмы для абскарджвання дэкрэта «аб дармаедах». Першае — гэта зварот у Адміністрацыйны савет Міжнароднай арганізацыі працы. Другое — далучыць структуры Савета Еўропы ці Еўрасаюза, якія могуць ініцыяваць разгляд праблемы Дэкрэта №3 у Венецыянскай камісіі. БХК возьме на сябе падрыхтоўку адпаведных дакументаў для далейшага накіравання ў гэтыя структуры».

Другі накірунак для супрацьдзейнасці Дэкрэту №3 — гэта масавыя акцыі, пікеты, калектыўныя паходы ў падаткавую і працягванне збору подпісаў за адмену закона. Усе гэтыя дзеянні будуць служыць інфармацыйнай нагодаў для СМІ, працу з якімі ўдзельнікі круглага стала таксама вылучылі ў якасці прыярытэтнага накірунка.
Прадстаўнікі прафсаюза РЭП і праваабаронцы не выключаюць магчымасць каардынацыі з іншымі прафсаюзамі і грамадскімі аб’яднаннямі для ўсебаковага разгляду праблемы дэкрэта «аб дармаедах».  
Каб адсочваць эфектыўнасць працы ў акрэсленых накірунках, удзельнікі круглага стала дамовіліся ладзіць рэгулярныя сустрэчы.

Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», які ўступіў у сілу 2 красавіка 2015 года, абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы, і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарных дзён у мінулым годзе, аплаціць збор у памеры 20 базавых велічынь.

Нявыплата або няпоўная выплата збору цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь або адміністратыўны арышт з абавязковым прыцягненнем да выканання грамадска карысных работ.
Дэкрэт №3 парушае Канстытуцыю РБ, а таксама Канвенцыі МОП «Аб абавязковай і прымусовай працы» і «Аб скасаванні прымусовай працы», ратыфікаваныя Беларуссю.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: