Яшчэ аднаму прафсаюзнаму актывісту на “Граніце” пагражаюць звальненнем

Гэтым разам адміністрацыя прадпрыемства настойліва шукае парушэнні ў працы памочніка экскаватаршчыка Леаніда Дубаносава, які з’яўляецца сябрам мясцовай суполкі Беларускага незалежнага прафсаюза.



dubanosau_granit.jpg

На мінулым тыдні на працоўнае месца Дубаносава рэгулярна прыходзіла адмысловая камісія, якая цягам аднаго дня прымусіла рабочага скласці дзве тлумачальныя даведкі пра нібыта выяўленыя хібы ў ягонай працы. Па словах Дубаносава, парушэнні складаліся ў тым, што “кабель не там ляжаў, рукавіцы пратэрмінаваныя, анучы не там ляжалі — займалі праход”.

Леанід Дубаносаў, які працуе на “Граніце” амаль 20 гадоў і дагэтуль не меў ніякіх заўваг ад кіраўніцтва прадпрыемства, лічыць, што цяперашняя актыўнасць адміністрацыі звязаная з тым, што ягоны працоўны кантракт сканчаецца 2 траўня. Паколькі Леанід збіраецца сыходзіць у адпачынак, спагнаненне яму хочуць вынесці зараз, каб пазней (за месяц да заканчэння кантракта) абвесціць, што працоўныя адносіны з ім не будуць працягнутыя з-за знойдзеных парушэнняў.

Раней Леаніду Дубаносаву неаднаразова прапаноўвалі добраахвотна адмовіцца ад удзелу ў незалежным прафсаюзным руху, аднак ён рабіць гэта не збіраецца. Пазней памочніка экскаватаршчыка папярэдзілі, што ў выніку працягу прафсаюзнай дзейнасці Леаніда пазбавяць працы на “Граніце”.

— Начальнік гранітнага кар’ера Юрый Сушко ўжо паўгода мне кажа, што калі не выйду з незалежнага прафсаюза, то мяне звольняць. Так проста і казаў, толькі прасіў, каб нікому не распавядаў, маўляў, каб даў дапрацаваць да пенсіі. А для Сушко такое негалоснае заданне даў генеральны дырэктар прадпрыемства Эдуард Гаўрылковіч.

Леанід Дубаносаў будзе абскарджваць незаконныя спагнанні, але ў яго няма веры на аб’ектыўны разгляд справы, улічваючы папярэдні вопыт яго звольненых сябраў па прафсаюзу. Іх чацвёра не паслухалася шальмавання кіраўніцтва і не выйшла з незалежнага прафсаюзу: Стахаевіч, Паўлоўскі, Пашэчка і Карышаў. Цяпер чарга за Дубаносавым, які таксама не збіраецца пакідаць незалежны прафсаюз. Хаця цяпер ёсць што страчваць. Дзякуючы змаганням сябраў незалежнага прафсаюза, заробак на прадпрыемстве вырас з 3–4 да 15 млн. рублёў.

spring96.org