Яшчэ два ўкраінскія выканаўцы зніклі з афішы «Славянскага Базару», сярод іх — пераможца леташняга конкурсу

Алег Віннік і Эліна Івашчанка зніклі з праграмы «Славянскага базару ў Віцебску». Івашчанка прадстаўляла Украіну летась і заняла першае месца ў конкурсе маладых выканаўцаў, а таксама атрымала прэмію Лукашэнкі «Славянская надзея».

vinnik_ivashchenko.jpg

Украінскія выканаўцы Віннік і Івашчанка, якія нядаўна прадставілі сумесны трэк «Діаманці» былі заяўлены ў гала-канцэрце ўрачыстага закрыцця фестывалю, аднак цяпер іх у афішы «Славянскага базару» няма, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Ні ва ўкраінскай прэсе, ні на афіцыйных старонках Алега Вінніка і Эліны Івашчанка ніякіх паведамленняў аб тым, што яны адмовіліся ад выступу ў Віцебску, знайсці не ўдалося.

Інтрыгі дадае той факт, што маладая спявачка ў мінулым годзе прымала ўдзел у конкурсе маладых выканаўцаў «Віцебск-2020». Пры гэтым яна не толькі заняла першае месца, але і стала лаўрэаткай спецыяльнай прэміі Аляксандр Лукашэнка "Славянская надзея".

Раней ад удзелу ў Віцебскім фестывалі адмовіўся шэраг артыстаў, напрыклад, Наташа Каралёва і Аляксандр Буйноў, а акрамя таго адмовіліся весці канцэрты адразу трое вядучых з Украіны.

Варта адзначыць, што, не гледзячы на знікненне некаторых імёнаў з праграмы «Славянскага базару ў Віцебску», колькасць заяўленых выканаўцаў паступова павялічваецца, бо ў афішах з'яўляюцца новыя імёны. Так, стала вядома, што на тым жа гала-канцэрце закрыцця выступяць Ігар Карнялюк, Мікалай Наскоў і Аляксандр Панаётаў.

 

З 23 красавіка стартаваў другі этап продажу білетаў на «Славянскі базар», цяпер сталі даступныя для набыцця квіткі на мерапрыемствы ўсіх пляцовак фестывалю, а не толькі Летняга амфітэатра.