«Ён быў яшчэ жывы, сэрца білася»
Сабаку застрэлілі пасярод дня і кінулі ў сметнік.

Фота з архіву Аляксандра з Зэльвы.
У хатняга сабаку проста ў двары страляюць дроцікам з атрутай. Потым кідаюць у кантэйнер для смецця — паміраць. Гэткае дзікунства — беларускія рэаліі.
Аляксандр з Зэльвы падзяліўся з «Белсатам» гісторыяй, што шакавала ягоную сямʼю.
Як забівалі Маркуса
Сабака Маркус памёр на руках у свайго гаспадара. Былі сведкі адстрэлу. Паўжывога хатняга джэк-расэла гаспадары забралі са смеццевага кантэйнера.
«Ён быў яшчэ жывы, сэрца білася, але ён не дыхаў. Я хутка павёз яго ў лякарню. Ветэрынар зрабіў укол, але гэта ўжо не дапамагло, бо надта вялікая была доза атруты, мы згубілі шмат часу. 30 хвілін я прасіў яго дыхаць, але лекар сказаў не мучыць, бо ў яго адміралі ўжо клеткі мазгоў і ён застаўся б непаўнавартасным, калі б і выжыў», — распавядае Аляксандр.
Гэта было пазней. А сведкам дзікунства стаўся сусед Аляксандра. Ён бачыў, як працаўнік ЖКГ страляў у сабаку.
«Сабака выбег з дому, бачна ж, што хатні. У яго ўсе прышчэпкі ёсць, радаслоўная. У нас вяліся работы, рамонт і ён выбег. Стрэліў нейкі паўцвярозы дворнік, пасярод белага дня», — піша ў лісце ў рэдакцыю Аляксандр.

Маркус, сабака Аляксандра з Зэльвы
Абураны гаспадар звярнуўся ў міліцыю. Там яму сказалі, што ён сам вінаваты, што сабака адзін гуляе. Нягледзячы на парушэнні правілаў адстрэлу з боку ЖКГ, участковы інспектар не захацеў разбірацца ў сітуацыі.
«Сказаў, што патэлефануе мне пазней па маім пытанні. Дагэтуль тэлефануе», — кажа Аляксандр. Выдаткі на юрыстаў, каб займацца гэтай справай, занадта высокія для заробку жыхара раённага цэнтру. «Там кожная паперка каштуе 10 рублёў. Я не маю фінансавай магчымасці гэтым займацца».

Зэльвенскі ЖКГ пакінуў гэтае здарэнне без каментару.
Чалавек са стрэльбай заўсёды мае рацыю?
Падобная сітуацыя — не адзінкавая. У лютым Belsat.eu пісаў пра аналагічную сітуацыю ў Лунінцы. Там таксама проста на вуліцы адстрэльвалі сабак. Няшчасныя жывёліны не паміралі адразу, а некаторы час хадзілі па вуліцы, потым дворнікі кідалі іх у смеццевыя кантэйнеры.
Мы звязаліся з юрыстамі, каб высветліць, ці ёсць у такіх выпадках факт парушэння закону.
Сабака лічыцца безнаглядным, калі ён гуляе адзін без павадка і без гаспадара побач. У гэтым выпадку, па заканадаўстве нашай краіны, яго могуць адлавіць і павезці ў пункт часовага ўтрымання. Такім чынам, у гаспадара застаецца шанец знайсці сабаку і забраць яго, сплаціўшы штраф за парушэнне правіл нагляду за хатнімі жывёламі. Адстрэл прадугледжваецца толькі ў выключных выпадках — калі сабака небяспечны або агрэсіўны.
«На
практыцы ж, адстрэльваюць у нас паўсюль, дзе ў бюджэце няма сродкаў на
арганізацыю пунктаў часовага ўтрымання жывёлаў», — гаворыць Наста Жаўрыд,
дырэктарка Цэнтру аховы жывёлаў «Анімалекс».

Адстрэл павінен праводзіцца ноччу,
калі на вуліцы найменш людзей. Тым больш, застрэленага сабаку нельга выкідаць у
кантэйнер для смецця, як адбылося з сабакам Аляксандра.
На сметніку мёртвую жывёлу могуць пабачыць дзеці, не кажучы ўжо пра санітарныя нормы.
«Гэта грубейшае парушэнне заканадаўства. Іх павінны вывозіць на скотамагільнікі, і на гэта, хутчэй за ўсё, у бюджэце павінны быць сродкі», — кажа Наста Жаўрыд.
У цэнтры па ахове жывёлаў «Анімалекс» раяць усё ж напісаць запыт да камунальных службаў, каб высветліць, хто і на якой падставе займаўся адстрэлам пасярод белага дня, а затым проста выкінуў сабаку на сметнік. Пасля на гэтай падставе падаць іск аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды.