Валер Шчукін будзе пісаць скаргі на збіццё амапаўцамі
Валерыя Шчукіна затрымалі 25 сакавіка ў Мінску, даставілі ў Заводскі РУУС сталіцы, а потым — у вайсковы шпіталь з гіпертанічным крызам. На целе спадара Шчукіна ёсць сляды жорсткага затрымання.

75-гадовы Валеры Шчукін — марскі афіцэр, былы дэпутат Вярхоўнага Савета, журналіст, праваабаронца — быў затрыманы 25 сакавіка ў Мінску на плошчы Калініна каля 14.20.
Шчукіна затрымлівалі жорстка, пра што і сведчаць гематома на назе ад удару дубінкай, пашкоджаная рука. У 14.40 у аўтобус "спакавалі" групу людзей, у якой апынулася і журналістка Любоў Лунёва, іх адвезлі ў Завадскі РАУС.
Валер Шчукін адмовіўся ў РАУСе станавіцца тварам да сцяны, сказаўшы, што, як афіцэр, спіной да ворагаў не паварочваецца і гатовы прыняць кулю ў грудзі. Пасля няўдалых спробаў павярнуць яго, Шчукін сеў на асфальт. Сядзеў на халодным і мокрым асфальце больш за дзве гадзіны. Пасля, разам з іншымі затрыманымі спусціўся на ніжні паверх (30 прыступак уніз). Там у яго ці то ўзялі тлумачэнні, ці то склалі пратакол — не ведае, нічога не падпісваў. Калі падняўся ў двор, яго ўжо чакала "хуткая". Хто выклікаў, не ведае. Сам не выклікаў і не скардзіўся. Хоць быў крыз. Ціск збілі, адвезлі ў вайсковы шпіталь як старэйшага афіцэра на пенсіі.

Сябры ГА "БАЖ" наведалі Валерыя Шчукіна ў шпіталі. Цяпер Валер Шчукін ляжыць у палаце на 6 чалавек. Палата чыстая і светлая. У шпіталь прыязджаў маёр з Першамайскага РАУС, даў накіраванне на зняцце пабояў. Па выніках экспертызы Валер Шчукін будзе пісаць скаргі і заявы.
Паводле прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"