У рэгіёнах таксама ідуць суды над затрыманымі падчас акцый (дапаўняецца)

27 сакавіка ў розных рэгіёнах краіны разглядаюцца адміністрацыйныя справы затрыманых за ўдзел у акцыях пратэсту 25 і 26 сакавіка.

Дзень Волі ў Брэсце

Дзень Волі ў Брэсце


Бабруйск. Бабруйск. Сёння павінны адбыцца тры суды: над Максімам Буйніцкім (артыкул пакуль невядомы), які быў адпушчаны з ІЧУ у ноч з 25 на 26 сакавіка і адразу ж зноу быў затрыманы, над Уладзімірам Усерам за удзел у акцыі 12 сакавіка (арт. 23.34 КаАП) і над затрыманым падчас акцыі 26 сакавіка Аляксеем Данілейкам.

Каля 15.00 суды распачаліся. Справу Максіма Буйніцкага разглядае суддзя Гармаш. Буйніцкі артымаў 2 базавыя велічыні штрафу за парушэнне арт. 17.1 КаАП.

Уладзімір Усер і Аляксей Данілейка атрымалі па 5 базавых велічынь па арт. 23.34 КаАП. 

Барысаў. Пачаўся суд над Міхаілам Васільевым, ён абвінавачваецца ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП). Таксама сёння будуць судзіць Ігара Ледніка, якога 25 сакавіка затрымалі ў сябе дома.

Міхаіл Васільеў атрымаў 6 базавых. Ігар Леднік — 7 базавых.

Віцебск. Плануюцца суды над праваабаронцамі, затрыманымі пасля акцыі 26 сакавіка. Таксама будуць судзіць Ірыну Траццякову, на якую складзеныя два пратаколы за ўдзел у мерапрыемствах 25 і 26 сакавіка.

Леанід Свецік атрымаў 15 сутак па арт. 23.34 КаАП. На яго было складзена два пратаколы за ўдзел у акцыях пратэсту 25 і 26 сакавіка. Рашэнне прынімала нам. старшыні суда Кастрачніцкага раёна па крымінальных справах Таццяна Жураўкова.

Полацк. У 14.00 пачынаюцца суды над мясцовымі актывістамі. Будуць разгледжаная справа Віктара Стукава ("Свабодны прафсаюз") і Юрыя Бельскага.

Ужо адбыўся суд над праваабаронцам БХК Юрыем Бельскім. Ён атрымаў 2 сутак, якія ўжо адсядзіў, і таму быз адпушчаны дадому. Бельскі быў затрыманы раніцай 25 сакавіка, калі выходзіу з дому, каб паехаць у Мінск.

Віктар Стукаў аштрафаваны на 20 штраф базавых велічынь па арт. 17.1 КаАП. Суддзя Бясецкі В.Г.

Гомель. Пачынаюцца суды над удзельнікамі «Маршу недармаедаў-2» і мітынгу каля ДК таварыства глухіх на Дзень Волі. Меркавана, што адміністрацыйныя справы будуць разглядацца ў трох раённых судах — Чыгуначным, Савецкім, Гомельскім сельскім.

Магілёў. У судзе Ленінскага раёну павінны судзіць актывіста БНФ Аляксандра Страха, які быў актыўным выступоўцам на акцыі ў Магілёве 15 сакавіка. Яго затрымалі увечары 24 сакавіка. Час суда высвятляецца. Пакуль што старшыня суда і супрацоўнікі канцылярыі адмаўляюцца казаць, ці паступілі ўвогуле матэрыялы па яго справе ў суд.

Аляксандра Страха прывезлі ў суд. Справу будзе разглядаць суддзя Шведаў. 

Аляксандр Страх і Барыс Бухель

Аляксандр Страх і Барыс Бухель

Суд пачаўся ў 14.00. Высветлілася, што на Страха складзены пратакол за парушэнне ч.1 арт. 23.34 КаАП. У разглядзе справы абвешчаны перапынак да 28 сакавіка, каб Страх знайшоў абаронцу. Ён адпушчаны ў залі суда.

Баранавічы. У 15.00 пачнецца суд над актывістам, інвалідам Аляксандрам Шведам, якога пасадзілі ўвечар 24 сакавіка ў ІЧУ. Артыкул, па якім ён абвінавачаны, пакуль невядомы.  

Брэст. Адбыўся суд над актывісткай Палінай Панасюк-Шарэндай, якую затрымалі перад акцыяй 25 сакавіка. Суддзя Раман Карабан прысудзіў ёй 15 базавых велічынь штрафу за "дробнае хуліганства" (арт. 17.1 КаАП).



spring96.org