Ён чакае і верыць, што хутка прыедзе любімы гаспадар і забярэ дамоў

Паміж чыгуначнымі пераездамі Шпілі і Сакольнікі, побач з дарогай стаіць дабротная сабачая хацінка. Сцены ўцеплены пенапластам і зацягнуты чорнай плёнкай. Дах з андулінавых лістоў. А ўнутры падлога з чыстага духмянага сена. На тканым дыванку ляжыць сабака.

Фота з фб  Жанны Жалевіч

Фота з фб  Жанны Жалевіч


Сабака звычайны. Нашай распаўсюджанай нявызначанай пароды: рудаваты, калматы, сярэдняга памеру. Яго добра ведаюць жыхары Сакольнікаў і кіроўцы, што ездзяць тым шляхам. І імя ў яго ёсць — «Мясцовы Хаціка». Пра гэта на сваёй старонцы ў фб напісала Жанна Жалевіч.

Мо гады чатыры таму, жнівеньскім ранішнім прыцемкам фары машын выхапілі з шэрані хударлявую сабачую постаць.  Чалавечы сябра сядзеў на абочыне, узіраючыся ў кожную машыну. Ён не рэагаваў ні на добрыя, ні на злыя намеры. Проста сядзеў і глядзеў на людзей у аўто.

Праз некалькі дзён чатырохлапы ператварыўся ў прывід. Людзі прыносілі ежу, але яна стаяла некранутая, пакуль яе не з’ядаў яшчэ які небарака. Між тым стала халадаць і пайшлі восеньскія дажджы. А сабака нікуды не сыходзіў. Як быццам чакаў кагосьці. Зрэдку ён панура шкандыбаў да пераезду, садзіўся пасярод шляху і глядзеў у бок Сакольнікаў.

А потым ізноў вяртаўся на месца. Але хоць есці стаў. Аднак блізка нікога да сябе не падпускаў. Здаецца, пасябраваў з мужчынам з Сакольнікаў. Той хацеў забраць Хаціка ў двор. Але беспаспяхова. Кожны вечар вартаўнік вяртаўся на сваё месца. Спачатку людзі зрабілі яму навес ад дажджу, потым простую будку. А зараз гэта ўжо новае дабротнае жытло.

Фота з фб  Жанны Жалевіч

Фота з фб  Жанны Жалевіч


Хаціку суха, адносна цёпла і ежы ў яго аж залішне. І ён чакае. І, мабыць, будзе чакаць усё сваё сабачае жыццё. Наша гісторыя зусім не кіношная і не амерыканская. Гэта ў іх там прафесар Уілсан (Рычард Гір) любіў свайго сябра, але памёр трагічна. А ў нас шчанюка, здаецца, проста пакінулі. Мо з машыны выкінулі. А мо вывелі, пасадзілі і загадалі чакаць. Хаціка ж перыядычна ходзіць на пераезд. Мо ў бок Віцебска з’ехала знаёмая машына.

Сабака ж дурны, ён не ўмее рабіць высноў. І не можа зразумець, што яго можна проста выкрасліць з жыцця чалавека. Ён чакае і верыць, што хутка прыедзе любімы гаспадар і забярэ дамоў. А той мо жыве сабе недзе недалёка. І жыццю радуецца. Без сабакі. Без сэрца чалавек не можа жыць, а без душы?