Юрыя Рубцова перавялі ў бабруйскую калонію
Палітвязня Юрыя Рубцова перавялі ў папраўчую калонію №2 г. Бабруйска, пра што ПЦ "Вясна" стала вядома 11 жніўня. Верагодна, перавялі ў выходныя, бо яшчэ ў пятніцу Ю. Рубцоў знаходзіўся ў СІЗА г. Баранавічы.
Цяпер пісаць палітвязню можна па адрасе: 213807, Магілёўская вобл., г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, папраўчая калонія №2.
Шмат хто з былых палітвязняў у свой час знаходзіўся ў бабруйскай калоніі. Сярод іх Андрэй Пратасеня, Андрэй Кім, Сяргей Казакоў, Зміцер Дрозд, а таксама і кіраўнік Праваабарончага цэнру “Вясна” Алесь Бяляцкі.
Нагадаем, Юрый Рубцоў 6 кастрычніка 2014 года быў асуджаны судом Цэнтральнага раёну Мінска па арт.391 Крымінальнага кодэкса (“Абраза суддзі або народнага засядацеля”) да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу №7.
Новая крымінальная справа на Юрыя была заведзеная 18 сакавіка 2015 года па артыкуле 415 КК “Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі” за тое, што палітвязень адмаўляўся ад працы з заробкам ніжэй за 600 даляраў. 28 мая суд Пружанскага раёна прызнаў палітвязня Юрыя Рубцова вінаватым і пакараў двума гадамі калоніі агульнага рэжыму з улікам неадбытага тэрміну.
24 ліпеня Брэсцкі абласны суд пакінуў касацыйную скаргу палітвязня Юрыя Рубцова на рашэнне суда Пружанскага раёна без задавальнення, а прысуд без зменаў.