Статкевіч — пяты Дзень народзінаў за кратамі
Сёння палітык Мікалай Статкевіч сустракае свой 59-ты не юбілейны, Дзень народзінаў. Але і надзвычайны, своеасаблівы юбілейны, бо гэта пяты Дзень народзінаў запар, які ён сустракае ў турме.
Палітычны вязень №1.
Адзіны з дэмакратычных кандыдатаў, што супраць стаялі А. Лукашэнку на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах. Пяць год — ад выбараў да выбараў — яго трымаюць за кратамі. З мэтай зламаць, застрашыць, пазбавіць сілы волі, скарыць. Прымусіць падаць прашэнне аб памілаванні і тым перад ўсімі выявіць сваю слабіну, прызнаць неіснуючую віну, і такім чынам назаўсёды выкрасліць сябе з шэрагу моцных і шчырых палітыкаў.
Статкевіч перамог сістэму.
Гонар і годнасць, мужнасць і нязломнасць, з якімі Мікалай Статкевіч пяць год запар трымае ўдар, надалі гэтай даце — пятаму яго дню народзінаў у турме — яскравы знакавы сэнс сімвалу супраціву. Легендарны Статкевіч.
Здароўя, табе Мікола, каб вытрымаць фізічна. Маральная перамога за табой. Воля чакае цябе.