Каб аб'явіць зніклага чалавека ў вышук, у праваабаронцы запатрабавалі даверанасць
Лёс асуджанага да вышэйшай меры пакарання Віктара Паўлава, ад якога больш за 6 месяцаў няма ніякіх звестак, пакуль застаецца нявысветленым.
![676091ebc71184b3b493c133a431b831_xl.jpg 676091ebc71184b3b493c133a431b831_xl.jpg](/img/v1/images/676091ebc71184b3b493c133a431b831_xl.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Першы намеснік начальніка Дэпартамента па выкананні пакаранняў МУС РБ Іван Мысліцкі ўхіліўся ад адказу па сутнасці на заяву праваабаронцы Паўла Левінава аб знікненні асуджанага да расстрэлу, паведамляе viciebskspring.org.
Прычына адмовы ў распачынанні пошуку зніклага без вестак Паўлава грунтуецца на тым, што грамадзяне рэалізуюць права на зварот у дзяржаўныя органы асабіста або праз сваіх прадстаўнікоў. На думку міліцэйскага дэпартамента, Левінаў павінен быў узяць даверанасць, каб прадстаўляць інтарэсы зніклага, а затым звярнуцца ў праваахоўныя органы з заявай аб знікненні чалавека.
«Згодна з патрабаваннямі артыкула 12 Закона, да пісьмовых зваротаў прыкладаюцца дакументы, што пацвярджаюць паўнамоцтвы асоб, якія звяртаюцца ад імя іншых грамадзян. Дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы прадстаўляць інтарэсы асуджанага Паўлава В.А., не прыкладзены», — паведаміў Мысліцкі праваабаронцу прычыну адмовы аб'явы зніклага чалавека ў вышук.
Праваабаронца чакаў такога павароту падзей. Цяпер ён шукае прававыя магчымасці і працэсуальныя працэдуры, каб дагрукацца да чыноўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў краіны і канчаткова высветліць лёс асуджанага да расстрэлу Віктара Паўлава.