Сірыя заяўляе, што пакарала смерцю 24 чалавекі за лясныя пажары 2020 года
Урад Сірыі заявіў, што пакараныя смерцю 24 чалавекі. Яны былі асуджаныя за наўмысныя падпалы, якія справакавалі лясныя пажары ў мінулым годзе, паведамляе ВВС.
Яшчэ адзінаццаць чалавек былі прысуджаныя да пажыццёвага зняволення, а пяцёра непаўналетніх атрымалі турэмныя тэрміны ад 10 да 12 гадоў, гаворыцца ў заяве Міністэрства юстыцыі Сірыі.
Пакараных апісваюць як злачынцаў, якія ўчынілі "тэрарыстычныя акты". Яны нібыта прызналіся ў распальванні пажараў у горных прыбярэжных раёнах краіны ў верасні і кастрычніку 2020 года.
Мясцовыя ўлады задакументавалі ўсяго 187 лясных пажараў у правінцыях Латакія, Тартус, Хомс і Хама. Пажары закранулі 280 гарадоў і вёсак, спустошылі 13 000 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў і 11 000 гектараў лясных угоддзяў, паведаміла Міністэрства юстыцыі. У выніку пажараў загінулі тры чалавекі.
Лясныя пажары ў рэгіёне Усходняга Міжземнамор'я сталі паўтарацца штогод. І вінаватае у гэтым — змяненне клімату, што павялічвае рызыку надыходу гарачага і сухога надвор'я.
Зрэшты, праваабарончыя арганізацыі звяртаюць увагу, што ўрад Башара Асада пакараў смерцю тысячы людзей з пачатку Грамадзянскай вайны ў 2011 годзе. Следчыя ААН па ваенных злачынствах заявілі ў нядаўнім дакладзе, што сведкі распавялі ім пра забойствы затрыманых без суда або пасля несправядлівых судовых разглядаў у контртэрарыстычных або палявых ваенных судах.