«Каб паказаць супрацоўнікам карных структур: ніхто з іх не забыты!»

Адным з лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча стаў наш сталы аўтар і экс-палітвзень Мікалай Дзядок за кнігу «Фарбы паралельнага свету». Пра прэмію, жанр турэмнай літаратуры і жыццё на свабодзе ён расказвае чытачам НЧ.

dzjadok_5.jpg

— Мікалай, што для цябе гэта прэмія?

— Ведаеце, я стараюся не акцэнтаваць увагу і не надта турбавацца аб уселякіх тытулах, рэгаліях... Таму лішні дыплом ці ўмоўная медаль не есць тое, за чым я ганюся. Але, канешне, пэўнае задавальненне ад атрымання прэміі прысутнічае. Значыцца пэўнае кола людзей заўважыла, прызнала, ацаніла маю працу. Значыцца яна была не дарма. І гэта прыемна. Тым больш, што гэта прэмія імя Францішка Аляхновіча, чалавека, які напісаў “У кіпцюрах ГПУ”.

— Чаму ты наогул напісаў свае “Фарбы”?

— Тут дзве прычыны. Асабістая і палітычная, і яны перакрыжоўваюцца. Асабістая - бо накапілася шмат досведу, які трэба было прааналізаваць і структураваць. Напісанне кнігі - лепшы спосаб гэта зрабіць. Інакш гэты досвед будзе проста ціснуць на цябе знутры. Нешта даведаўся сам - хочацца ўжо падзяліцца. Тым больш многія назіранні і перажыванні негатыўныя, і пераклаўшы іх на паперу, у пэўнай ступені вызваляешся ад іх.

Палітычная прычына складаецца ў тым што для мяне важны анархісцкі аналіз сістэмаў кантролю. Я хачу каб усе пабачылі, як гэта працуе і як з гэтым змагацца.

Ну і пэўная прынцыповая маніфестацыя прысутнічае: раз вы мяне пазбавілі волі на 5 гадоў за маю палітычную дзейнасць, то вось, трымайце. Я працягнуў яе нават праз гэтыя пяць гадоў і буду надалей з вамі ваяваць.

— Якія чаканні ад кнігі? Ты мяркуеш, што яна можа паўплываць на грамадства?

— Канешне, на вялікі эфект я не разлічваю. Зараз рыхтуецца трэці наклад, і сукупная колькасць усіх трох накладаў будзе 1200 экзэмпляраў. Гэта не так шмат, каб на нешта паўплываць у нацыянальным маштабе. Але мінімум, на які я разлічваю: навучыць палітычных актывістаў больш стойка перажываць няволю (як кажуць, папярэджаны — значыцца ўзброены). Ну і, па-другое, паказаць супрацоўнікам карных структур: ніхто з іх не забыты! За ўсе прыйдзецца адказваць.

Дарэчы, кніга цікавая не толькі беларускаму чытачу. Прэзентацыі руска-беларускай версіі прайшлі ў Маскве, Піцеры, Цверы і Кіеве. А нядаўна выйшла цалкам рускамоўнае выданне і яно даступнае ў пяці крамах Масквы і Піцера. Скончыўся пераклад на ангельскую мову, як толькі будзе наклад, адразу паведамлю аб гэтым на сваіх старонках у сацсетках.

20170813_hor_dzyadok_say_14_1.jpg


— Дзе пісаліся  “Фарбы паралельнага свету” за кратамі ці ўжо на волі?

— Прыкладна 50 на 50. Думаю, пісаць пасля — лепш. Бо мозг ачышчаецца, і можаш ужо больш цвяроза паглядзець на свой досвед. Турма, усе ж такі, ўяўляе сабой ненатуральную абстаноўку.

— Што гэта табе дало напісанне кнігі? Якім чынам яна адбілася на табе як на асобе?

— Не скажу каб так ужо моцна адбілася. Хіба, паставіў сабе нейкую галачку ў галаве: вось, у мяне першая напісаная кніга! Як маленькая прыступка на жыццёвым шляху, некаторае дасягненне. Не больш за тое.

— Ці шмат засталося, так бы мовіць, за кадрам?

— Вельмі шмат. Самае жахлівае — за кадрам, бо не хачу запужваць грамадства, якое і так запужанае. Вельмі шмат асабістага таксама не адлюстравана ў кнізе — бо не аб гэтым і не для гэтага яна была. А некаторыя вынікі пра структуру турэмнай сістэмы я зрабіў ужо пасля таго, як кніга выйшла. Тое-сёе знайшоў час аформіць толькі ў другім выданні, таму яно будзе з двума новымі апавяданнямі: "Чараўнік", "Вызваленне", "Бунт у каранціне". Такім чынам агулам іх будзе 16.

— Гэта першая і апошняя твая кніга?

— Як аказалася не. Наступная мая кніга не будзе звязаная з турмой наўпрост. Зараз мая ўвага павяртаецца ў бок палітычнай аналітыкі, асабліва таго, што датычна паўстанцкіх рухаў і Блізкага Усходу. Вось на гэтую тэму і буду працаваць. Пра што канкрэтна будзе наступная кніга — яшчэ не вырашыў, бо ёсць некалькі задумак, і я рэалізую іх паралельна. Так што спадзяюся, што калі-небудзь атрымаю прэмію ўжо не за турэмную літаратуру.

7d61806b_a906_4475_b44d_00a331b6d8d3_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg


Для даведкі:

Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснаваная Радыё Свабода і Беларускім ПЭН-цэнтрам. Яна прысуджаецца аўтарам, якія былі зняволеныя ці знаходзяцца ў турме.

Першым лаўрэатам прэміі Аляхновіча ў 2013 годзе стаў тагачасны палітвязень Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан». У 2014 годзе прэмію атрымалі адразу шэсць аўтараў: Алесь Бяляцкі — за «Іртутнае срэбра жыцця», Зміцер Дашкевіч — за кнігу «Чарвяк», Фэлікс Пекер — за «10 лет и 1 день Игоря Савченко», Павал Севярынец — за «Беларускую глыбіню», Аляксандар Фядута — за «Мой маленький Париж», Ірына Халіп — за «Дзёньнік зэчкі».

Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновічаў гэтым годзе сталі:

  • Мікола Дзядок за кнігу «Фарбы паралельнага свету»
  • Зміцер Дрозд за кнігу «Бунт батанікаў»
  • Андрэй Саннікаў за кнігу «Мая гісторыя»
  • Леанід Пятрэнка за кнігу паэзіі «Камерныя сны».