Кадры вырашаюць усё!

Прызначэнне новых кіраўнікоў адміністрацыі Гродзенскай і Мінскай абласцей, новага міністра сельскай гаспадаркі, абранне новага старшыні Савета Рэспублікі — апошнія з кадравых замен, якімі быў асабліва насычаны перыяд 2009–2010 гадоў. Факты, за якімі, аднак, праглядаецца з’ява.



dda04f9d634145a9c68d5dfe53b21272.jpg

Гэта становіцца тым больш відавочным, калі ўзгадаць ранейшыя замены: кіраўніка адміністрацыі Віцебскай вобласці, старшыні і двух намеснікаў, пяці начальнікаў абласных упраўленняў, начальнікаў галоўных упраўленняў контрразведкі і ўрадавай сувязі КДБ, ракіроўку двух генералаў на чале Міністэрства абароны і Савета бяспекі, шэраг іншых кадравых перастановак-прызначэнняў у іншых галінах і структурах уладнай вертыкалі.
Другі бок гэтых фактаў — серыя судовых спраў над высокага рангу чыноўнікамі за карупцыю, хабарніцтва і злоўжыванне службовым становішчам. Найбольш гучныя сярод іх — справы экс-пракурора Мінскай вобласці Міхаіла Снегіра, былога кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска Міхаіла Цыгана, і зусім свежая — арышт начальніка жыллёвага ўпраўлення Мінскага гарвыканкама Мікалая Кома.
Усё гэта элементы кадравай палітыкі той сістэмы, якая ўсталявалася ў Беларусі. Палітыкі не новай і не арыгінальнай. Не навіна і мабілізацыйная кампанія, якую арганізуе гэта сістэма напярэдадні значных палітычных падзей. З адпаведным узмацненнем рэпрэсій супраць адкрытай апазіцыі і выбарачнай чысткай уласнага кадравага корпусу. Такой падзеяй на сёння ў Беларусі ўладзе ўяўляюцца прэзідэнцкія выбары.
Аднак сувязі і прычыны тут больш глыбінныя, чым генетычны страх гэтай сістэмы за сваё самазахаванне. Узраслі знешнія пагрозы: страчана лаяльнасць з боку палітычных колаў Расіі і не здабытая лаяльнасць Захаду. Эканамічны крызіс адгукнуўся змяншэннем даверу да прэзідэнта сярод насельніцтва. Гісторыя са скіданнем Бакіева з пасады прэзідэнта Кыргызстана адгукнулася хваравітым страхам перад верагоднасцю паўтору падобнага сцэнару развіцця падзей у Беларусі, ростам падазронасці ў вернасці кадраў бліжэйшага атачэння.
Знакаміты лозунг «Кадры вырашаюць усё!» належыць Сталіну. І, на жаль, не страціў сваёй актуальнасці. Ён вызначае практыку — сутнасць і метады — існавання любога аўтарытарнага рэжыму. У дыяпазоне ад вельмі жорсткага да адносна мяккага.
Беларуская аўтарытарная сістэма, адбудаваная на аскенку былой савецкай, уяўляе своеасаблівы сімбіёз брэжнеўскай мадэлі з рэанімаванымі элементамі сталінскай. Як, адпаведна, і яе кадравая палітыка. Па ўзору сталінскай яна падпарадкавана забеспячэнню ўлады аднаго чалавека. Але, у адрозненні ад сталінскай і брэжнеўскай, не праз аднапартыйны механізм, а непасрэдна. А значыць, патрабуе дзеля легітымацыі правадыра правядзення ўсеагульных выбараў, імітацыя якіх патрабуе каардынаваных высілкаў бюракратыі на ўсіх узроўнях. Аднак, у адрозненне ад брэжнеўскай, сучасная беларуская мадэль не мае пад сабой кансалідаванай вакол лідэра групы вышэйшай бюракратыі з вертыкальным уплывам на ніжэйшыя структуры.
Поруч з выслоўем «Кадры вырашаюць усё!» паўстаюць яшчэ некалькі не менш знакавых: ратацыя, падбор і размеркаванне кадраў, адказнасць кадраў, кадравы склад. Урэшце, наменклатура — афіцыйна зацверджаная іерархія пасад і правіл фарміравання кіроўнай бюракратыі, ад вяршыні да падножжа ўладнай піраміды, з адпаведным імянным спісам (асноўным і рэзервовым) на кожным узроўні.
Многія выказванні А. Лукашэнкі гучаць амаль што цытатамі з 1930-х. «Ратацыя кіроўных кадраў, умацаванне цэнтральнага і рэгіянальных звёнаў вертыкалі ўлады — гэта важнейшыя пытанні для мяне як прэзідэнта»,— заявіў ён, прадстаўляючы на пасяджэнні актыву Мінскай вобласці новага старшыню Мінскага аблвыканкама Барыса Батуру. І там жа раскрытыкаваў Мінскую вобласць за «кругавую паруку, сямейнасць і кумаўство».
А вось фраза: «Калі тата начальнік, а дзеці займаюцца камерцыяй, як гэта было ў нас у Гродзенскай вобласці, — усё гэта заразлівы прыклад для іншых чыноўнікаў», — ёсць ужо непасрэдны адказ на сучасныя выклікі. Класічная савецкая таталітарная мадэль была цалкам размеркавальнай, пад корань пазбаўленая прыватнай уласнасці і бізнес-адносін. Новы клопат аўтарытарнага кіраўніка беларускай мадэлі — не выпусціць з падпарадкавання камерцыйныя структуры, не даць магчымасці абагаціцца бюракратыі настолькі, каб яна адчула смак самастойнасці і не раскрывала рот на прэзідэнцкі каравай. Гэта і ёсць мяжа «рэгулюемай карупцыі», асноўны матыў уладарнага гневу і даравання. Гэта і ёсць крытэр для крымінальнага пераследу тых ці іншых чыноўнікаў.
Слова «наменклатура» сёння з ужытку выдалена, яно падмененае тэрмінамі з сучаснага дэмакратычнага лексікону — «палітычная эліта», «кіроўная эліта». Аднак практыка гэтай касты недатыкальных захавалася цалкам ранейшай.
Фарміраванне груповак, інтрыгі, барацьба пад коўдрай, урэшце, змовы і перавароты ўваходзяць неад’емным складнікам жыццядзейнасці аўтарытарнай сістэмы. На супярэчнасцях інтарэсаў, чаргаванні бізуна і перніка будуе сваю кадравую палітыку правадыр. Гэтак жа яго кадравы корпус выбудоўвае адносіны паміж сабой і з ім. У барацьбе за ўплыў, за пасады, за месца каля кармушкі, за доступ да смачнейшых кавалкаў… Найлепш праз «доступ да цела» галоўнага.
Так падтрымліваецца баланс інтарэсаў унутры ўладнай вертыкалі, і тым забяспечваецца яе ўстойлівасць. Ратацыя кадраў была вынайдзена, зноў жа, Сталінам менавіта як сродак не даць бюракратыі сцэментавацца, згаварыцца і здзейсніць змову. Менавіта ўнутраны пераварот выступае галоўным сродкам перамен дзеля самавыратавання «кадраў», калі аўтарытарны лідэр парушае баланс інтарэсаў. Але толькі на той стадыі, калі тая ці іншая канструкцыя бюракратычнай вертыкалі відавочна вычэрпвае свой рэсурс і патрабуе мадэрнізацыі.
Хрушчоў перайшоў мяжу ў сваіх стыхійных спробах спалучыць змяю валюнтарызму з дэмакратычным вожыкам і стаў ахвярай змовы вышэйшай бюракратыі — партыйнай, кадэбісцкай, армейскай. Прывід перавароту — адвечны страх аўтарытарных правадыроў.
Аб’ектыўная запатрабаванасць не толькі ў мадэрнізацыі, а і ў кардынальным рэфармаванні беларускай палітычнай і эканамічнай сістэмы відавочная. А вось выспявання суб’ектыўных перадумоваў пакуль не праглядаецца. Хаця сама па сабе прэвентыўная чыстка кадравага корпусу, можа, і ёсць іх прыкметай.