«Калі дзяржава называе суседні народ «братэрскім» — чакай акупацыю ці карную аперацыю»
Расійскі пісьменнік заклікаў спыніць размовы пра «калісьці адзіную краіну» і не лезці ў справы Беларусі, паведамляе «Салідарнасць».

Пісьменнік, палітолаг і журналіст Дзяніс Драгунскі выказаўся пра Беларусь.

«Мне здаецца, што перш, чым пачынаць любыя размовы пра падзеі ў гэтай дзяржаве, трэба запомніць вось што:
Беларусь — асобная, суверэнная, незалежная дзяржава. Дарэчы, сябар ААН з моманту заснавання ААН.
Беларусы — асобны народ, са сваёй мовай і культурай, са сваёй шматвяковай асобнай гісторыяй.
Тое, што мовы падобныя і доўга жылі побач, разам, у саюзе і т.п. — ужо не мае ніякага значэння. Мовы сербаў і харватаў (а таксама ўсіх народаў былой Югаславіі) вельмі падобныя. Чэхаў і славакаў таксама. Не кажучы ўжо пра немцаў і аўстрыйцаў.
Таму, мне здаецца, не трэба казаць: «па-сутнасці, мы адзін народ», «па-сутнасці, гэта дыялект», «па-сутнасці, гэта часова аддзеленая частка адзінага цэлага» і іншае. Няма ніякай «сутнасці». Ёсць дробная імперская сучнасць. Ад яе час адмовіцца.
У суседняй краіне нешта адбываецца? Вось хай і разбіраюцца самі. Ёсць вядомая прыказка: «Калі дзяржава пачынае забіваць, яна называе сябе Радзімай». Можна працягнуць: «Калі дзяржава называе суседні народ «братэрскім» — чакай бяды: акупацыі, аншлюсу або карнай аперацыі».
Таму давайце спынім гэтыя размовы пра «калісьці адзіную краіну» і «братэрскі народ». Так будзе больш лёгка і нам, і беларусам.