Сёння ў Радзе Бяспекі ААН заслухаюць пытанне аб сітуацыі ў Беларусі
«Эстонія лічыць неабходным даць слова тым, чый голас спрабуюць заглушыць», — заявіў кіраўнік МЗС Эстоніі.

Акцыя салідарнасці з Беларуссю 11 ліпеня 2020. Фота tut.by
Сёння па ініцыятыве Эстоніі, як непастаяннага чальца, адбудуцца нефармальныя відэаслуханні Рады бяспекі ААН, прысвечаныя захаванню правоў чалавека ў Беларусі.
Як паведамілі ў МЗС Эстоніі, пасяджэнне пройдзе пад старшынствам міністра замежных спраў краіны Урмаса Рэйнсалу, паведамляюць naviny.by.
«Эстонія лічыць неабходным даць слова тым, чый голас спрабуюць заглушыць», — заявіў кіраўнік ведамства.
Агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі прадставяць спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, былы кандыдат у прэзідэнты ад беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і юрыдычны эксперт Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Сяховіч, паведамілі ў прэс-службе МЗС Эстоніі.
Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава назвала скліканне нефармальнай пасяджэння Рады бяспекі ААН па сітуацыі ў Беларусі ўмяшаннем ва ўнутраныя справы краіны, піша DW.