«На слова адкажам словам, на дзеянне — дзеяннем». Кіеў пра сваю стратэгію стаўлення да Беларусі
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што афіцыйны Кіеў будзе рэагаваць на палітычны крызіс у Беларусі адпаведна сваім нацыянальным інтарэсам.
![245465.jpg 245465.jpg](/img/v1/images/245465.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Мы будзем жорсткімі дзеяннямі рэагаваць на дзеянні Беларусі, а не на словы. Мы бачым, як нагнятаецца, на жаль, з беларускага і расійскага боку рыторыка, выстаўляюцца абсалютна нейкія фантасмагарычныя версіі аб нібыта ўдзеле Украіны ў расхістванні сітуацыі ў Беларусі, аб атручэнні Навальнага... Амбасадара Беларусі мы не выклікалі», — заявіў Дзмітрый Кулеба, адказваючы на пытанне «Свабоды».
Міністр нагадаў, што перадача Беларуссю «вагнераўцаў» Расіі стала нагодай для адклікання ў Кіеў украінскага амбасадара з Мінску.
«Заявы ствараюць вельмі негатыўны фон для нашых дачыненняў, проста таму, што яны не адпавядаюць рэчаіснасці. Асабліва непрыемна, што ў той час, як Расійская Федэрацыя, скажам так, ажыццяўляе дастаткова эфектыўны кантроль за падзеямі ў Беларусі, але пры гэтым беларускі бок абвінавачвае Украіну ў тым, чаго яна не робіць. Мы разумеем, што гэтая рыторыка будзе працягвацца і далей. Мне гэта нагадвае стары фільм, у якім маладая жанчына, якая сумнявалася ў сабе і каб павысіць сваю ўпэўненасць стала паўтарала: «Я самая обаятельная и привлекательная», — дадаў Дзмітры Кулеба.
«Украіна будзе падыходзіць да беларускага крызісу выключна з нацыянальных інтарэсаў. Першае — нацыянальная бяспека. Другое — абарона ўкраінскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі. Трэцяе — абарона нашых эканамічных інтарэсаў у дачыненнях з Беларуссю. І разглядаць сітуацыю будзем комплексна, бо вядзецца вельмі складаная гульня, і мы мусім у гэтай гульні мінімізаваць негатыўныя наступствы для Украіны», — падкрэсліў міністр замежных спраў Украіны.