«Калі я падчаплю каранавірус, то мне канец». Станіслаў Шушкевіч — на самаізаляцыі

Сын першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча заразіўся каранавіруснай інфекцыяй, калі адбываў 10-сутачны арышт у жодзінскім ізалятары. Жонка палітыка Ірына заразілася ад сына, калі паехала забіраць яго пасля адседкі, паведамляе Еўрарадыё.

shushkevich_3.jpg


Цяпер 86-гадовы Шушкевіч на жорсткай самаізаляцыі ад родных, бо ён у "групе рызыкі" па COVID-19. Ён расказаў Еўрарадыё, што застаўся ў кватэры адзін і не выходзіць з яе.
— Сын у турме падчапіў каранавірус, заразіў маці. Цяпер яны ў іншай кватэры, а я ў гэтай — на рэжыме самаізаляцыі. Сын ужо, здаецца, перахварэў, а жонка хварэе.
Аналізы паказалі, што і ў адным, і ў другім выпадку быў COVID-19. Жонка тры дні адчувала сябе вельмі дрэнна. Сын перанёс параўнальна лёгка.
У камеры, дзе сядзеў сын Шушкевіча, хварэла дзесяць чалавек
— Сын расказваў, што ў Жодзіне ставіліся па-людску, на Акрэсціна — па-бандыцку.
Станіслаў Шушкевіч пакуль што не мае намеру выходзіць у людзі: рызыка заразіцца высокая.
— Калі я падчаплю каранавірус, то мне канец. Таму пакуль што планую быць на жорсткай самаізаляцыі. Калі пачнецца вакцынацыя, то выйду, а так нават выходзіць не хачу. У мяне акрамя пагрозы каранавіруса кардыялагічных хапае і іншых праблем, мне ўсё ж такі 86 гадоў.
9 снежня ад наступстваў каранавіруса памёр былы беларускі прэм'ер Вячаслаў Кебіч. Яму было 84 гады. А раней, летам, у першую хвалю COVID-19, памерла сястра Станіслава Шушкевіча.