Камароўскі: забітыя ў Катыні — змагары за польскую свабоду

ХХ стагоддзе не зведала другога такога злачынства, — сказаў прэзідэнт Польшчы ў 75-ю гадавіну катынскага генацыду.



6b70fcb22_1_.jpg

Ля Магілы Невядомага жаўнера ў Варшаве прайшла цырымонія ўшанавання памяці 22 000 польскіх афіцэраў, забітых НКВД у Катыні, Харкаве і Медным. 

Браніслаў Камароўскі ва ўрачыстай прамове звярнуў увагу на знакавасць сёлетніх мерапрыемстваў. 

Браніслаў Камароўскі: "Мы сустракаемся ў Вялікую пятніцу — важны для ўсяго хрысціянскага свету дзень распяцця Гасподняга. У Вялікую пятніцу мы сабраліся ля Магілы Невядомага жаўнера ў 75-ю гадавіну распяцця эліты польскага народу. Гэтае жудаснае злачынства не забытае. Сталінскім злачынцам не ўдалося сцерці прозвішчы катынскіх ахвяр з памяці нацыі".

Прэзідэнт Польшчы зазначыў, што польская свабода грунтуецца на памяці і праўдзе пра Катынь. "Барацьба за гэтую праўду далей працягваецца", — адзначыў Браніслаў Камароўскі. Ён нагадаў, што сёння за ўсходняй мяжой Польшчы праводзяцца акты агрэсіі. "Гэта патрабуе адзінства і салідарнасці сярод палякаў", — дадаў галава дзяржавы. 

75 гадоў таму НКВД пачало масава вывозіць польскіх грамадзян з лагераў у Казельску, Старабельску і Асташкаве. 3 красавіка 1940 г. першыя калоны польскіх афіцэраў выправіліся з Казельска ў Катынь. Гэта быў пачатак масавых забойстваў, учыненых у Катыні, Харкаве і Медным — там супрацоўнікі НКВД расстралялі каля 22 тысяч польскіх грамадзян, якія трапілі ў палон у выніку агрэсіі СССР на тэрыторыі Польшчы ў 1939 годзе. 
 

www.radyjo.net