Камп'ютарны геній з Гомеля выйграў сусветны чэмпіянат па праграмаванні
Гамяльчанін Генадзь Караткевіч перамог у міжнародным чэмпіянаце па праграмаванні «Яндэкс. Алгарытм».
Як паведамляе прэс-служба кампаніі «Яндэкс», фінал чэмпіянату па спартыўным праграмаванні прайшоў 1 жніўня ў Берліне.
Сёлета за перамогу ў чэмпіянаце змагаліся 3.890 удзельнікаў з 72 краін, у тым ліку 161 — з Беларусі. Паводле вынікаў адборачнага тура ў фінал выйшлі 25 наймацнейшых праграмістаў з Беларусі,
Казахстана, Кітая, Польшчы, Расіі, ЗША, Тайваня, Украіны і Японіі. Генадзь Караткевіч стаў адзіным прадстаўніком Беларусі ў фінале.
У вырашальным раўндзе Караткевіч за 100 хвілін правільна рашыў чатыры задачы з шасці і фінішаваў усяго з 66 штрафнымі хвілінамі.
Другім завяршыў спаборніцтвы Хасака Кацухіра з Японіі (Такійскі ўніверсітэт), які таксама рашыў чатыры задачы, але з 90 штрафнымі хвілінамі, а трэцім — Ван Кіншы з кітайскага ўніверсітэта
Ціньхуа з чатырма дакладна рэшанымі задачамі і 125 хвілінамі штрафу. Чэмпіён «Алгарытму» атрымаў грашовы прыз у 300 тысяч расійскіх рублёў. Узнагарода за другое і трэцяе месца
склала 150 і 90 тысяч расійскіх рублёў адпаведна.
Як адзначаецца ў паведамленні, Караткевіч ужо другі раз запар перамагае ў гэтых спаборніцтвах: летась ён таксама забраў галоўны прыз, апярэдзіўшы расіяніна Яўгена Капуна (НДУ ІТМО) і прадстаўніка
Тайваня Шы Бісюня (яны занялі другое і трэцяе месцы адпаведна).
Спаборніцтвы праходзілі на платформе «Яндэкс.Contest» — гэта сэрвіс для трэніроўкі і спаборніцтваў праграмістаў. Заданні рыхтавала міжнародная каманда, у якую ўвайшлі
спецыялісты з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы і ЗША. Трое з іх — супрацоўнікі мінскага офіса «Яндэкса» Аляксей Тоўсцікаў, Раман Удавічэнка і Сяргей Жгіроўскі, якія і самі
ўдзельнічаюць у розных міжнародных чэмпіянатах па праграмаванні, і рыхтуюць маладое пакаленне спартсменаў, гаворыцца ў паведамленні.