Карбалевіч: «Рэпрэсіі ідуць па другім і трэцім коле»
Палітолаг Валерый Карбалевіч разважае пра тое, за каго можа ўзяцца ўлада пасля разгрому грамадзянскай супольнасці.
Валерый
Карбалевіч лічыць, што тое, каму сядаць
у кутузку, значэння не мае, а рэпрэсіі — гэта пытанне тэхналогій.
— Паколькі мы маем сітуацыю пераходу аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны, механізм рэпрэсій — неабходны элемент існавання палітычнага рэжыму. Тое, што сёння Лукашэнка тэарэтычна абгрунтоўваў на семінары аб тым, што ў Беларусі не павінна існаваць грамадзянскай супольнасці заходняга тыпу — толькі грамадскія арганізацыі, якія з'яўляюцца часткай дзяржаўных структур. Гэта такая карпаратыўная дзяржава.
Адпаведна, усе незалежныя структуры павінны быць ліквідаваныя. Цяпер гэта адбываецца з прафсаюзамі. Структур няма, а людзі засталіся. Вось і адказ, куды далей. Засталіся людзі, якія працавалі ў структурах грамадзянскай супольнасці.
Таксама Валерый Карбалевіч адзначае ў каментары былому найбуйнейшаму беларускаму парталу, што сёння «рэпрэсіі ідуць па другім і трэцім коле».
— Людзей арыштоўваюць і садзяць за краты. Пасля таго, як іх тэрмін заканчваецца, іх зноў садзяць. Па гэтым замкнёным коле можна працаваць бясконца. Затым можна ўзяцца і за бізнесоўцаў, медыцынскія цэнтры, чыноўнікаў... працы хопіць заўсёды — галоўнае, каб гэты механізм працаваў без перапынку і падтрымліваў узровень рэпрэсіўнасці. А каму сядаць у кутузку, значэння не мае.