Карбалевіч: Страйк, які не саспеў. Ці спрыяюць цяперашнія ўмовы для масавага пратэсту рабочых?

Ініцыятыва Беларускага аб’яднання рабочых і «Еўрапейскай Беларусі» аб правядзенні страйку з 1 лістапада ад самага пачатку выклікала супярэчлівае стаўленне, піша Валерый Карбалевіч у сваім блогу на «Радыё Свабода».

karbalevic7u8923.jpg


Супярэчлівае стаўленне да магчымасці страйку з'явілася найперш з гледзішча нерэалістычнасці гэтай ідэі і неадпаведнасці той грамадска-палітычнай атмасферы, якая цяпер пануе ў Беларусі.
Галоўная праблема ў тым, што рэвалюцыі, агульнанацыянальныя страйкі, выбухі масавага пратэсту не адбываюцца па загадзе нейкіх палітыкаў ці палітычных цэнтраў, няхай сабе і аўтарытэтных. Па загадзе могуць быць арганізаваныя змова, мяцеж, вайсковы пераварот. А рэвалюцыйны выбух ёсць вынікам складанай камбінацыі шматлікіх чыннікаў: вялікай палітызацыі грамадства, эмацыйнага напалу, нейкай падзеі, якая стала трыгерам маральнага ўздыму.
Такія чыннікі супалі летам і восенню мінулага года. Тады быў відавочны падʼём і цікавасць грамадства да палітыкі. Зашкальвала колькасць людзей, якія спажывалі інфармацыю незалежных медыя. Дзяржаўны апарат крыху хістаўся. У сярэдзіне жніўня 2020 года страйк быў магчымы, і дэ-факта на некаторых прадпрыемствах ён часткова адбыўся.
А вось у канцы кастрычніка мінулага года, калі з'явіўся заклік Святланы Ціханоўскай да агульнанацыянальнага страйку, ён прагучаў на трэндзе спаду масавых пратэстаў. Таму і не атрымаўся.
Сёння мы бачым мінімізацыю грамадскай актыўнасці, пэўную дэпалітызацыю і дэмабілізацыю. А таксама масавую эміграцыю грамадскіх актывістаў. Плюс вельмі жорсткія рэпрэсіі: зусім нядаўна адбыліся затрыманні прадстаўнікоў рабочага руху і незалежных прафсаюзаў. У такіх умовах агульнанацыянальны страйк маларэальны. Менавіта таму асноўныя апазіцыйныя цэнтры за мяжой (штабы Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі) паставіліся да гэтай ідэі, скажам мякка, даволі асцярожна.
Ёсць яшчэ адзін важны чыннік. Да страйку заклікала «Беларускае аб’яднанне рабочых», ён скіраваны ў асноўным на калектывы прамысловых прадпрыемстваў. Традыцыйна страйк — гэта ў асноўным пралетарскі спосаб барацьбы.
Аднак праблема ў тым, што эпоха пралетарскіх рэвалюцый адышла разам з індустрыяльным грамадствам. Сёння мы жывём у постіндустрыяльную эпоху. Доля прамысловасці ў развітых краінах цяпер невялікая, і яна ўвесь час змяншаецца. У Беларусі ў тым ліку. На арэну грамадска-палітычнай барацьбы цяпер выходзяць зусім іншыя пласты грамадства.
Асноўным рухавіком леташніх пратэстаў у Беларусі быў сярэдні клас: айцішнікі, людзі, якія працуюць у недзяржаўным сектары. І, дарэчы, у канцы кастрычніка мінулага года на заклік Святланы Ціханоўскай да страйку адгукнуліся ў асноўным прыватныя фірмы ў сферы абслугоўвання. Рабочыя складалі не самую вялікую долю пратэсту.
Да таго ж, у беларускай прамысловасці пераважаюць дзяржаўныя прадпрыемствы, большасць якіх не вельмі эфектыўныя, шмат стратных. Яны моцна залежаць ад падтрымкі дзяржавы, ільгот, субсідый, крэдытавання. І згаданы чыннік стрымлівае работнікаў ад таго, каб актыўна пратэставаць супраць рэжыму, які фактычна іх падтрымлівае.
Усё гэта разам стварае не надта спрыяльныя ўмовы для агульнанацыянальнага страйку.