КДБ Беларусі ствараў старонкі і профілі ў Instagram і Facebook, каб распаліць мігранцкі крызіс

Кампанія Meta (былы Facebook) апублікавала справаздачу пра пагрозы, якія ліквідуе яе каманда. Сярод краін, адкуль зыходзяць пагрозы, — Беларусь, піша «Свабода».

facebook_4.jpeg

Кампанія паведаміла, што выявіла цэлую сетку ўліковых запісаў беларускага КДБ, якія публікавалі хлуслівую інфармацыю пра мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам. У дакуменце Meta адзначыла, што мае доказы таго, як КДБ выкарыстоўваў уліковыя запісы, што выдавалі сябе за журналістаў і актывістаў, каб распальваць напружанасць у сувязі з мігранцкім крызісам.

На старонках публікавалася крытыка ўраду і памежнікаў Польшчы на трох мовах — англійскай, польскай і курдскай, у тым ліку фатаграфіі і відэа пра польскіх памежнікаў, якія нібыта парушаюць правы мігрантаў. Таксама былі старонкі на рускай мове, якія пісалі пра стасункі Беларусі з балтыйскімі дзяржавамі. Некаторыя з іх пры гэтым выкарыстоўвалі профільныя выявы, створаныя тэхналогіяй штучнага інтэлекту.

Акрамя 41 уліковага запісу і 4 старонак у Facebook, кампанія выдаліла яшчэ 4 профілі ў Instagram, звязаных з беларускім КДБ. Іх датычнасць да спецслужбаў выявіла расследаванне, праведзенае праграмістамі.

Да адной або некалькіх з гэтых суполак далучыліся менш за 1400 чалавек у Facebook, і менш за 200 уліковых запісаў падпісаліся на адзін або некалькі з ашуканскіх профіляў у Instagram.

Meta выявіла незаконную актыўнасць і з польскага боку — там стварылі некалькі профіляў, якія выдавалі сябе за мігрантаў і мелі на мэце адгаварыць людзей ад уезду ў Еўрасаюз, пішучы пра жорсткае абыходжанне з мігрантамі памежнікаў і актыўнасць неанацыстаў у Польшчы.