Літоўская выведка: Мінск спрабуе ўкараніць інфарматараў у асяроддзе беларускіх палітыкаў-эмігрантаў

Літоўская выведка фіксуе спробы беларускага рэжыму па вярбоўцы і ўкараненні інфарматараў у атачэнне беларускіх апазіцыйных палітыкаў, якія атрымалі прытулак у Літве, піша «Delfi».

f982070e_262a_4d0b_ab29_6add56f47d82_w1023_r1_s.jpg

У чацвер Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы паведаміў, што 17 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам спецслужб аб «падвышэнні эфектыўнасці знешняй выведкі» — для павышэння патэнцыялу агентурнай выведкі і «іншых метадаў і форм».

«Паколькі ўсё больш і больш беларусаў звяртаюцца па гуманітарныя візы або палітычны прытулак, літоўская выведка папярэдзіла, што беларускі КДБ можа паспрабаваць завербаваць некаторых уцекачоў або ўкараняць сваіх агентаў у іх асяроддзе», — паведамляе ДДБ.

«Такім чынам імкнуцца сабраць інфармацыю пра лідарку беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую, якая цяпер жыве ў Літве, і яе атачэнне, пра беларускія грамадскія арганізацыі і іх чальцоў. Гэтая інфармацыя можа дапамагчы выявіць іх патэнцыйную ўразлівасць, а таксама паспрабаваць дыскрэдытаваць, паўплываць на іх дзеянні, рашэнні і выступленні», — адзначыў дэпартамент.

ДДБ нагадвае, што ў красавіку сёлета Літва ўнесла ў спіс непажаданых асоб Іллю Бегуна, які прыбыў у Літву па гуманітарнай візе, атрыманай пры пасярэдніцтве аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі. У ДДБ зазначаюць, што ў пачатку года Бягун, магчыма, выконваючы заданне, тэрмінова выехаў з Літвы ў Беларусь.

Неўзабаве пасля гэтага некаторыя беларускія арганізацыі, якія працуюць у Вільні, паведамілі пра выкрадзеныя даныя са сваіх кампутараў. Бягун адразу пасля вяртання ў Беларусь узяў удзел у шоу на тэлеканале ОНТ, у якім сказаў, што расчараваны апазіцыяй, і неўзабаве далучыўся да так званага «Круглага стала дэмакратычных сіл» — уяўнай апазіцыйнай арганізацыі, якая дзейнічае з ухвалы рэжыму.

Партал 15min.lt сцвярджае, што сабраў даныя па яшчэ адной падобнай сітуацыі. Згодна з крыніцамі партала, былы супрацоўнік беларускіх праваахоўных органаў Андрэй Аўраменка, яшчэ знаходзячыся ў Беларусі, звярнуўся да партала з просьбай дапамагчы яму нелегальна ўехаць у Літву і папрасіць там прытулку. Ён незаконна ўехаў у Літву, а затым знік.

Праз некалькі тыдняў на Youtube з'явіўся расповед гэтага чалавека пра незаконны правоз мігрантаў праз мяжу, а размовы з літоўскімі афіцыйнымі асобамі былі таемна запісаныя.

Літоўская выведка заклікае беларускіх уцекачоў, якія могуць быць завербаваныя беларускім рэжымам, устрымацца ад удзелу ў злачыннай дзейнасці ў Літве — гэта можа прывесці да ўжывання да такіх асоб крымінальных санкцый, прадугледжаных законам.
Паводле «Свабоды».