КДБ заявіў, што з пачатку года затрымаў больш за 10 сілавікоў — здраднікаў дзяржавы
Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі з пачатку года затрымалі больш за дзясятак супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і дзяржслужачых, якія нібыта былі завербаваныя замежнымі спецслужбамі.
Пра гэта паведаміў старшыня КДБ Іван Тэртэль на пасяджэнні Савета Рэспублікі. Ён прадставіў сенатарам законапраект «Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», якія ўводзіць смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве для чыноўнікаў, паведамляе Л*стэрка.
«КДБ адзначаецца рэзкая актывізацыя ўсіх відаў выведкі спецслужбаў калектыўнага Захаду супраць Рэспублікі Беларусь. Асноўны акцэнт — праца па вярбоўцы ў дачыненні да асоб, якія маюць магчымасць здабывання інфармацыі закрытага характару, вярбоўка супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і служачых дзяржаўнага апарату. З улікам агрэсіўнай дзейнасці замежных спецслужбаў па пранікненні ў сілавыя структуры і дзяржаўны апарат (дарэчы, з пачатку года КДБ затрымана больш за 10 здраднікаў) і значнай шкоды, якая наносіцца нацыянальным інтарэсам, абстаноўка патрабуе прыняцця комплексных мер па нейтралізацыі гэтых пагроз», — сказаў Тэртэль.
Ён таксама заявіў, што «нашы праціўнікі плануюць далейшыя захады па дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне».
«Планы іх распаўсюджваюцца на перыяд 2024–2025 гадоў. Тут увесь кантэкст звязаны з імкненнем іх да нашых органаў улады і кіравання, да здзяйснення акцый, накіраваных на падрыў стабільнасці ў краіне. Адпаведна, мы дакладваем аб гэтых пагрозах кіраўніку дзяржавы, прапануем выпрацоўку канкрэтных мер, накіраваных, па-першае, на прафілактыку гэтых пагроз, па-другое, — на рэальнае стварэнне механізмаў уздзеяння», — сказаў старшыня КДБ.
Паводле яго слоў, дзеючая рэдакцыя арт. 356 КК «Здрада дзяржаве», якая прадугледжвае павышаную адказнасць за здраду дзяржаве службовых асоб з адпаведным становішчам або вайскоўцаў, не ахоплівае ўсе патэнцыйна ўразлівыя катэгорыі служачых дзяржапарату.
«У сувязі з гэтым прапануецца пашырыць павышаную адказнасць на катэгорыю "службовыя асобы, якія займаюць дзяржаўныя пасады", якая аб'ядноўвае ўсіх прадстаўнікоў улады. Акрамя гэтага, прапануецца зрабіць больш жорсткім пакаранне за здраду дзяржаве аж да прымянення выключнай меры — смяротнага пакарання. Дадзеная мера, дарэчы, прадугледжаная заканадаўствам ЗША (гэта асобныя штаты), Кітая, Егіпта, Ірана, В'етнама, Сірыі, Туніса, Іарданіі і некаторых іншых дзяржаў. Рэалізаваная ў выключны выпадках, гэтая вышэйшая мера стане сур'ёзным фактарам стрымання для патэнцыйных здраднікаў. Мы трактуем гэтую меру перш за ўсё як прафілактычную, накіраваную на недапушчэнне сур'ёзных злачынстваў супраць дзяржавы», — адзначыў Тэртэль.
Нагадаем, напярэдадні дэпутаты ў другім чытанні адобрылі змены ў Крымінальны кодэкс — уводзіцца адказнасць за дыскрэдытацыю арміі і пакаранне за здраду дзяржаве. Калі законапраект ухваляць у Савеце Рэспублікі, законапраект адправіцца на подпіс Лукашэнку.