Кіраўнік КДБ: Захад думае наконт ужывання ваеннай сілы для змены ўлады ў краіне
Ужыванне ваеннай сілы разглядаецца пэўнымі коламі Захаду ў якасці аднаго з варыянтаў змены ўлады ў Беларусі. Так лічыць старшыня КДБ.
Пра гэта Іван Церцель заявіў падчас сустрэчы нязменнага беларускага кіраўніка з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады, піша выданне «Белорусы и рынок».
«У палітыкафармуючых колах Захаду абмяркоўваюцца розныя варыянты змены ўлады ў Рэспубліцы Беларусь як неабходнай умовы па дасягненні сваіх геапалітычных інтарэсаў ва Усходне-еўрапейскім рэгіёне. Не выключаецца ў тым ліку прымяненне ваеннай сілы», — сказаў Іван Церцель і дадаў, што ў Беларусі цяпер адсутнічаюць спробы арганізацыі масавых беспарадкаў, аднак краіна працягвае заставацца ў стане змагання з гібрыднай агрэсіяй з боку «калектыўнага Захаду».
Кіраўнік КДБ распавёў, што Захад і прадстаўнікі беларускай апазіцыі, якія пакінулі краіну, плануюць актывізаваць свае дзеянні восенню 2021 года або ў першай палове 2022 года. «Пачатак актыўнай фазы дзеянняў нашымі апанентамі плануецца ў верасні-кастрычніку бягучага года ці ў першай палове наступнага года — пры чаканым імі істотным падзенні ўзроўню дабрабыту насельніцтва з прычыны санкцый».
Кіраўнік КДБ адзначыў, што ў якасці дэстабілізуючых фактараў апанентамі ўлады разглядаюцца «тэрарыстычныя акты і акцыі застрашвання ў дачыненні да грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў СМІ, праваахоўных органаў і судзейскага корпуса, а таксама дыверсіі на аб'ектах абароннага комплексу, эканомікі і жыццезабеспячэння — з масавай гібеллю людзей і наступным абвінавачваннем у гэтым дзеючай ўлады», — піша ТАСС.