КДК заявіў пра ўскрыццё крыптаабменніка для «фінансавання пратэстаў»

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю паведамляе, што спыніў дзейнасць крыптаабменніка, які выкарыстоўвалі для пераводу грашовых сродкаў з-за мяжы ў Беларусь. Паведамляецца, што ўстаноўлены грамадзяне і арганізацыі, якія «ажыццяўлялі фінансаванне пратэснай дзейнасці».

КДК. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

КДК. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Незаконную дзейнасць па пераводзе і абмене крыптавалют ажыццяўлялі жыхары Мінска і Еўрасаюза, у адносінах да якіх узбуджана крымінальная справа», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле КДК, у 2020-2021 гадах на пастаяннай аснове з выкарыстаннем гэтага сэрвісу ў Беларусь з-за мяжы пераводзіліся грашовыя сродкі (крыптавалюта) ад прызнаных экстрэмісцкімі фарміраваннямі «B*_help», фонду «Кр***а для Жыцця» для выплат удзельнікам пратэснага руху. Як заяўляе ведамства, акрамя пераводаў непасрэдным удзельнікам пратэстаў, з дапамогай крыптаабменніка грашовыя сродкі пераводзіліся і ў адрас «куратараў пратэсных акцый». Сродкі, якія паступалі ў крыптавалюце, пераводзіліся ў наяўныя грошы і выкарыстоўваліся для выплаты жыхарам Мінска, якія ўдзельнічалі ў пратэстным руху.
«Цяпер работнікамі фінансавай міліцыі ўстаноўлена база даных усіх грамадзян і арганізацый (як нашай краіны, так і замежных дзяржаў), якія карысталіся крыптаабменнікам для фінансавання незаконнага пратэстнага руху.
У адносінах да двух такіх грамадзян, якія карысталіся паслугамі крыптаабменніка для фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці, узбуджаны крымінальныя справы і прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту», — піша КДК.
Таксама паведамляецца, што ўстаноўлены грамадзяне Беларусі, якія пераводзілі грошы ў адрас прызнаных экстрэмісцкімі фарміраваннямі супольнасцей «Фонд салідарнасці B*SOL/Belarus solidarity foundation», «Кібер-П***ызаны» / «Кібер-***вы».