Кіраўніцтва РНПЦ кардыялогіі шукае лекараў, якія зняліся на фота з заклікам супраць Усебеларускага сходу
13 супрацоўнікаў РНПЦ кардыялогіі зрабілі супольны здымак з плакатам «Вам Не Сорамна?», які з'явіўся ў сеціве ў падборках фота акцый супраць Усебеларускага народнага сходу, адзначае «Свабода». Твараў супрацоўнікаў на здымку не бачна, але на спецвопратцы бачныя надпісы «Кардыялогія».
Цяпер адміністрацыя шукае тых, хто зняўся на гэтым фота, паведаміла на ўмовах ананімнасьці адна з супрацоўніц РНПЦ:
«Гэтае фота спачатку з'явілася ў нашым чаце, потым разышлося па сеціве, цяпер доступ да нашага чату абмежаваны. Калегі кажуць, што кіраўніцтва спрабуе ідэнтыфікаваць удзельнікаў здымку, каб пакараць іх. І гэта можна разглядаць усур’ёз. У многіх кантракты заканчваюцца бліжэйшым часам, таму іх могуць звольніць».
Многія з лекараў РНПЦ кардыялогіі выступалі супраць
звальнення ранейшага дырэктара Аляксандра Мрочака, выходзілі на акцыі пратэсту
супраць гвалту, адмовіліся падпісваць ліст ад ФПБ з нагоды еўрапейскіх санкцый.
З 500 супрацоўнікаў 80 захоўваюць сваю актыўную пазіцыю і пераконваюць іншых,
кажа суразмоўца.