Кіраўнік «Сінэзіса», чые камеры распазнаюць твары: Мы не перадаём органам звесткі аб пратэстоўцах
Апошнім часам ходзяць чуткі, нібыта МУС валодае нейкай тэхналогіяй распазнавання твараў, дзякуючы якой ідэнтыфікуе некаторых пратэстоўцаў. «Наша Ніва» высвятляла, ці гэта насамрэч так.
![Сістэма распазнавання твараў у Кітаі. Фота з сайта dev.by Сістэма распазнавання твараў у Кітаі. Фота з сайта dev.by](/img/v1/images/92460134f545d6c1f09b9404435a50a4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сістэма распазнавання твараў у Кітаі. Фота з сайта dev.by
Карыстальнікі беларускіх сацсетак пачалі вінаваціць у гэтым кампанію «Сінэзіс», якая вядомая тэхнічным суправаджэннем г. зв. РСМГБ (Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі), у рамках якой у краіне павінны з'явіцца — але яшчэ не з'явіліся — тысячы камер з функцыяй распазнавання твараў у інтарэсах МУС.
«Наша Ніва» звярнулася па каментар да сузаснавальніка «Сінэзіса» Аляксандра Шатрова. На пытанне, ці перадае кампанія звесткі аб пратэстоўцах, ён катэгарычна адказвае: «Не».
Шатроў наракае, што ў некаторых тэлеграм-каналах апублікаваныя яго кантакты, ён атрымлівае брутальныя смс з пагрозамі. Але больш за ўсё яго хвалюе здароўе і эмацыйны стан супрацоўнікаў, якім таксама прыходзяць пагрозы, — у сацсетках гучаць заклікі апублічыць дадзеныя ўсіх работнікаў.
— Распазнаванне твараў — гэта шырокая вобласць: фэйсбук таксама адрознівае людзей і адзначае іх на фота, айфон распазнае твары ў галерэі, існуюць недарагія інструменты ў адкрытым доступе, здольныя знаходзіць чалавека па фота, але наша сістэма працуе на іншых алгарытмах, — тлумачыць Шатроў. — Мы не бяром відэаплынь, каб вычленіць адтуль твары, каб потым суаднесці іх, скажам, з пашпартнымі базамі і ідэнтыфікаваць людзей. Некаторыя ж нам такія магчымасці прыпісваюць.
Наша сістэма выконвае адваротную функцыю: калі ў вас ёсць нейкая асоба ў вышуку, то сістэма дазваляе ў рэальным часе яе вызначыць па твары, калі ён знаходзіцца ў полі зроку камеры, або знайсці ў архіве. Гэта працуе толькі тады, калі вы ведаеце, каго шукаеце. Перад намі не стаяць задачы «вазьмі ўсе твары з відэа і знайдзі, як іх зваць, — сказаў Шатроў.
Шатроў таксама дадаў, што камеры «Сінэзіса» працуюць толькі ў мінскім метро і на вакзале, у іх поле зроку пратэсныя акцыі не трапляюць у прынцыпе.