Кіруюць прагматычныя матывы

Кіраўнік дзяржавы адправіў у адстаўку кар’ернага дыпламата Сяргея Мартынава і прызначыў міністрам замежных спраў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімера Макея. Ёсць меркаванне, што на восень запланаваныя эканамічныя перамовы з ЕС — беларускай дзяржаве патрэбныя грошы, а расійскіх не хапае.
 

Палітолагі рознай афарбоўкі выказваюць даволі супрацьлеглыя меркаванні. Напрыклад, палітолаг Павел Усаў піша для інтэрнэт-рэсурса The Point: «Ад таго, што Макей стаў міністрам замежных спраў, трэба хутчэй чакаць узмацнення канфрантацыі з ЕС і Захадам у цэлым. Гэтым прызначэннем Лукашэнка паказаў, што не збіраецца ісці насустрач патрабаванням Захаду шляхам палітычных і дыпламатычных саступак, і будзе і надалей праводзіць жорсткую палітыку як унутры краіны, так і ў дыпламатычных адносінах з Захадам». Нагадаем, Уладзімір Макей знаходзіцца ў спісе персон нон-грата для ЕС як адзін з бліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі.
Тым не менш у чыноўніка ў Еўропе імідж «перамоўшчыка», і існуе вялікая верагоднасць, што восенню яго статус будзе перагледжаны. Еўрасаюз будзе працаваць з новым кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем у тым жа фармаце, што і з яго папярэднікам Сяргеем Мартынавым, — паведаміла БелаПАН прэс-сакратар кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан Майя Качыянчыч.
Звальненне доўгажыхара МЗС Сяргея Мартынава некаторыя эксперты тлумачылі тым, што ён занадта дыпламатычны, а Лукашэнка надумаў ладзіць ледзьве не бліц-крыг на Захад. Сам Лукашэнка заявіў: «Прапрацаваўшы амаль дзесяць гадоў на пасадзе міністра, Сяргей Мартынаў адносна даўно выказаў пажаданне папрацаваць на іншай рабоце. Гэта была яго ініцыятыва. Прычым яна, з майго пункту гледзішча, выглядала вельмі дастойна, па-мужчынску, асабліва матывацыя». І дадаў, што прэтэнзій да кар’ернага дыпламата ў яго няма. «Гэта разумны чалавек. У мяне асабіста ён і яго дзеянні ніколі не выклікалі алергіі», — зазначыў беларускі лідар.
Далейшыя выказванні Лукашэнкі можна трактаваць хутчэй як пасыл для Захаду, чым для ўнутранага карыстання. «Не трэба баяцца гаварыць пра Беларусь ва ўвесь голас, уздзейнічаючы на мэтавыя аўдыторыі, нягледзячы на ўсю крытыку і істэрыю з боку. Бо што важна для простага еўрапейскага абывацеля? Усё проста: ступень грамадскай бяспекі, стан навакольнага асяроддзя, надзейнасць дзяржаўных межаў з пункту гледжання шчыльнай заслоны ад злачынных трансгранічных праяў, стабільнасць у суседзяў. І нам тут ёсць чым ганарыцца і пра што казаць», — адзначыў Лукашэнка.
Таксама ён згадаў дасягненні Макея ў ролі міратворцы. «Магчыма, трэба было выкарыстоўваць яго патэнцыял больш шырока ў любой якасці ў знешняй палітыцы. Для вас не сакрэт, што я прыцягваў яго да некаторых знешнепалітычных ініцыятыў. Па майму даручэнню ён сустракаўся са многімі кіраўнікамі як на Усходзе, так і Захадзе, спрабуючы нармалізаваць у асабліва вострыя перыяды нашы адносіны, асабліва на Захадзе. Гэта ў яго атрымлівалася», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Зыходзячы з публічнай рыторыкі Лукашэнкі, Беларусь чакае як мінімум перыяд пацяплення ўзаемаадносінаў з Еўропай. Праўда, пацяпленне гэта будзе ўмоўным. Бо ніхто не адмяняў дванаццаць падставовых патрабаванняў ЕС да дэмакратызацыі беларускага рэжыму, які, натуральна, на гэта проста не здольны.
Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў сваіх ацэнках слушна адзначае, што фігура Макея не можа паўплываць на рэальнае паляпшэнне адносінаў з Захадам (па сутнасці, праблема ж не ў тым, хто кіраўнік знешнепалітычнага ведамства).  
Пад пытаннем застаецца і праграма ЕС для Беларусі “Дыялог для мадэрнізацыі. Адносіны да гэтай праграмы ва ўладаў па-ранейшаму негатыўныя, бо іх прамы ўдзел  там не прадугледжаны. Але некаторыя яе недзяржаўныя ўдзельнікі з прызначэннем Макея зноў пачынаюць сеяць ілюзіі, што магчымая другая серыя дыялога з ЕС. У першай, як вядома, яны моцна дапамагалі Макею, роля якога сёння пазітыўна ацэненая Лукашэнкам. Аднак Лукашэнка зноў заявіў пра нязменнасць сваёй палітыкі. А гэта ставіць вялікае пытанне наконт плёну намаганняў Макея з яго недзяржаўнымі саюзнікамі з праграмы “Дыялог для мадэрнізацыі, — адзначае эксперт.
Аглядальнік Аляксандр Класкоўскі прагназуе, што пры цяперашнім раскладзе можна чакаць вызвалення хаця б некалькіх палітвязняў (нагадаем, нядаўна з СІЗА былі вызваленыя пад падпіску журналіст Сурапін і рыэлтар Башарымаў, якіх прымазалі да скандальнага плюшавага дэсанту са Швецыі) і спробы выцыганіць у фінансавых структур Еўропы крэдыцік-другі.
«Лібералізацыя — гэта не тая катэгорыя, якой мысліць беларускі рэжым. Перавыхоўвацца ён не будзе, еўрапейскія каштоўнасці для Лукашэнкі будуць заставацца чужымі. Калі будзе трэба, дык той жа Макей з іміджам перамоўшчыка будзе рабіць рэзкія заявы на адрас Еўрасаюза. Што ўжо і было раней. Я б сказаў, што дзейнічаюць прагматычныя матывы — пакрысе нарастае напружанне на ўсходнім баку, бо Расія патрабуе рэсурсы. Але галоўнае — нам патрэбныя грошы! Расійскія траншы невялікія і не вырашаюць праблемы. А калі ідзе дыпламатычная вайна, то, натуральна, буржуіны грошы даваць не разгоняцца. Таму я не сумняваюся, што гэтай восенню будуць нейкія манеўры. Адпаведна, можна чакаць, што будзе зменшаны маштаб рэпрэсій, хаця б адзін ці два палітвязні выйдуць на свабоду. Беларуская ўлада не стане расходаваць гэты тавар адным махам, але, каб залагодзіць Еўропу, будзе зроблены мінімум дзеля непашырэння санкцый. Тым больш, што і ЕС не надта зацікаўлены цяпер ваяваць на ўсходнім кірунку. Прыгадайце, як вясной была вырашаная дыпламатычная вайна», — адзначае эксперт Аляксандр Класкоўскі.