Класкоўскі: Улады спрабуюць паказаць, што ім не чужая гуманнасць, але на жорсткіх умовах

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі разважае ў «Позірку», што стаіць за памілаваннем Рамана Пратасевіча, на што разлічвалі ўлады, робячы гэты жэст, і ці будзе ён мець нейкія пазітыўныя наступствы.

234_xj7b5_xw6hn_1.png


Памілаванне былога апазіцыянераРамана Пратасевіча — гэта жэст, якім улады спрабуюць прадэманстраваць, што і ім не чужая гуманнасць. Але — на жорсткіх умовах. Ты павінен пасыпаць галаву попелам, прызнаць права Лукашэнкі і надалей кіраваць краінай. Да таго ж усёй далейшай дзейнасцю «аблудны» (лексіка правадыра) абавязаны даказваць, што канчаткова і беспаваротна «стаў на шлях выпраўлення», перакаваўся.

«Вельмі ўдзячны краіне і, вядома, асабіста прэзідэнту за такое рашэнне», — заявіў Пратасевіч 22 траўня дзяржаўным СМІ. У пачатку траўня ён быў прысуджаны да васьмі гадоў калоніі, атрымаўшы цэлы букет абвінавачванняў па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Але, аказваецца, кіраўнік рэжыму пры ўсёй сваёй суровасці можа дараваць і «экстрэміста», і «распальвальніка варожасці», і нават «тэрарыста», калі той маральна капітулюе.


Умова нязменная — прыпаўзці на каленях

Пра тое, што тыя, хто замахнуўся на яго ўладу, павінны прыпаўзці на каленях, Лукашэнка паўтарае рэфрэнам. Жадаючых зрабіць такі шлях няшмат, і кожная перамога такога роду важная ў піяраўскім сэнсе.

Камісія па вяртанні тых, каго Лукашэнка называе «збеглымі», працуе па яго ўказе з лютага, але ўлоў небагаты. Пару тыдняў таму кіраўнік камісіі — генпракурор Андрэй Швед, — паведаміў, што атрымана звыш 70 заяў. Па сутнасці, гэта пшык пасля голасных заяў аб нібыта шырокім жэсце.

Да агітацыі за вяртанне ўлады вымушаныя звярнуцца, у прыватнасці, з-за адтоку на хвалі палітычнай эміграцыі мноства кваліфікаваных спецыялістаў — лекараў, айцішнікаў і іншых. Дый унутры краіны шмат нязгодных, якія, як неспакойна паўтарае Лукашэнка, стаіліся пад ліштвой. Па вялікім рахунку, такі раскол грамадства не дадае камфорту тым, хто пануе ў краіне.

Тэарэтычна выхадам з тупіка мог бы стаць грамадскі дыялог паміж уладамі і іх апанентамі. Але кіруючая вярхушка на сёння адчувае сябе непараўнальна больш моцным бокам, і рабіць рэверансы перад «пятай калонай» не збіраецца. Разумеючы, у прыватнасці, што такі паварот сюжэту акрыліў бы тых, хто марыць пра іншую Беларусь. А вось сілавікам, на якіх цяпер шмат у чым трымаецца сістэма, гэты гнілы лібералізм відавочна б не спадабаўся: за што змагаліся?

Акрамя ўсяго іншага, Лукашэнка элементарна помслівы. Відавочна, што яму прынцыпова важна з лішкам адплаціць тым, хто адважыўся пахіснуць яго крэсла ў 2020-м.

Увогуле, ісці на кампрамісы, мілаваць непакаяўшыхся ворагаў рэжым відавочна не гатовы. Вяртанне палітэмігрантаў абстаўлена каскадам зневажальных умоў, якія для масы перакананых праціўнікаў рэжыму непрымальныя.


Гэты кейс застанецца нетыповым

Рэфрэн Лукашэнкі пра аблудных, многія з якіх нібыта пераасэнсавалі падзеі 2020 года, — гэта нейкае самасуцяшэнне. Кіраўніку, які шмат гадоў казыраў сваёй папулярнасцю ў народзе, пакутліва цяжка змірыцца з усведамленнем, што залатыя гады з масівам лаяльнага электарату назаўжды засталіся ў мінулым.

Калі раней Лукашэнка падкупляў многіх пернікам, чаркай і скваркай, то цяпер рэсурсаў на папулізм нягуста. Застаецца разлічваць на пакору перад сілай.

У прынцыпе, правадыру, напэўна, не так ужо важна, шчыра раскаецца хтосьці са «змагароў», як пагардліва называе людзей з альтэрнатыўнага палітычнага лагера прапаганда, ці проста прыкінецца, разыграе спектакль, каб забяспечыць сабе больш камфортнае існаванне. Галоўнае, каб быў факт той самай маральнай капітуляцыі.

Дарэчы, хто ведае, што было б з Пратасевічам, калі б не здарылася прымусовай пасадкі самалёта з ім у Мінску. Не факт, што той пакаяўся б і напісаў заяву ў камісію Шведа, калі б не патрапіў у такі пераплёт.

Але саджаць самалёт — рэдкая магчымасць і дарагое задавальненне. Рэжым тады ўпершыню нарваўся на больш-менш адчувальныя санкцыі Еўрасаюза. Дый, напэўна, не кожны злоўлены вораг пойдзе на супрацоўніцтва з уладамі. Вунь Анджэй Пачобут трымаецца цвёрда, пры тым што яму прапаноўвалі ўмовы для вызвалення. Дый іншыя знакавыя палітвязні, падобна, не спяшаюцца здавацца, хоць знаходзяцца ў практычна катавальных умовах.

Так што кейс Пратасевіча па многіх параметрах застанецца выключэннем з правілаў.


Наконт ступені велікадушнасці ўладаў ілюзій няма

Улады, верагодна, паспрабуюць атрымаць піяраўскую выгаду з гэтага памілавання. Пратасевіча могуць выпусціць на палітычную сцэну прыкладна ў той жа ролі, што і іншага былога апазіцыянера (ці, як лічаць іншыя, першапачаткова засланага казачка) Юрыя Васкрасенскага.

Бо ўжо блізкія так званыя выбары ў так званы парламент і мясцовыя органы ўлады. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага 2024 года, а імітацыйную кампанію трэба будзе пачынаць яшчэ раней. Між тым, палітычнае поле ўжо зачышчана амаль пад нуль. Застаецца толькі пад маркай перарэгістрацыі пусціць пад нож фармальна яшчэ існуючыя, але фактычна ўжо задушаныя ўнутры краіны апазіцыйныя партыі.

Аднак нейкі спектакль трэба публіцы паказаць. Тут і могуць прыйсціся да двара фігуры накшталт Васкрасенскага, Пратасевіча. Вось, маўляў, паглядзіце, з перакаванымі палітычнымі супернікамі, канструктыўнымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці мы гатовыя весці дыялог.

Не выключана таксама, што Пратасевіча як блогера, чалавека, які сячэ фішку ў новых медыя, могуць прыцягнуць да стварэння нейкага на выгляд не зусім казённага медыяпрадукту на выпаленым полі незалежных СМІ.

У любым выпадку яго прыклад наўрад ці натхніць многіх праціўнікаў сістэмы Лукашэнкі. Так, ім несалодка, але яны не лічаць сябе аблуднымі, не гатовыя гуляць па правілах рэжыму і не маюць ілюзій наконт ступені яго велікадушнасці.