Кобрын: новыя затрыманні і ператрусы
У Кобрыне 11 лістапада адбыліся затрыманні і ператрусы, звязаныя з Ланцугом салідарнасці, што прайшоў напярэдадні вечарам на вуліцы Дружбы.
Пасля таго, як удзельнікі ланцугу разышліся, на вуліцы Дружбы з’явіліся міліцыянты. У гэты час кабрынчане, бацькі трох дзяцей Юлія і Зміцер Дамасевічы, супрацоўнік мясцовай фабрыкі лялек “Палессе”, бацька чатырох дзяцей Алесь Мандра і Кацярына Бельская, якая працуе гандлёвым прадстаўніком, шпацыравалі па вуліцы Дружбы. Па дарозе сустрэлі знаёмую — часова беспрацоўную Марыну Жук. Праз нейкі час да да іх пад’ехалі міліцыянты і сфатаграфавалі.
А сёння сілавікі правялі ператрус у кватэрах Мандры і Дамасевічаў, а таксама ў доме дырэктара прыватнага прадпрыемства Вольгі Трус. Прычым, Алеся Мандру, Вольгу Трус, Марыну Жук і Кацярыну Бельскую выклікалі ў Кобрынскі РАУС.
Бухгалтара Змітра Дамасевіча затрымалі ў мясцовай дзіцячай паліклініцы, куды ён павёз на працэдуры сваю дванаццацігадовую дачку — дзяўчынцы давялося потым самастойна вяртацца дахаты. А бацьку разам з малодшай 2.5-гадовай дачкой завезлі ў РАУС. Падставай стала што ў аддзел міліцыі нібыта паступіла ананімная інфармацыя пра перабітыя нумары на машыне Змітра Дамасевіча. З гэтай нагоды аўто пакінулі ў РАУС для правядзення экспертызы.
Па выніках ператрусаў былі забраныя ноўтбук у Алеся Мандры, тэлефоны ў Марыны Жук і Вольгі Трус. Апроч таго, у апошняй забралі магніты і вымпелы з выявай “Пагоні”. Апроч таго, па падазрэнні аб удзеле ў Ланцугу салідарнасці доктара-педыятра Юліі Рафаловіч, у яе кватэры таксама адбыўся ператрус. У выніку ў жанчыны забралі тэлефон і два цвёрдыя дыскі з кампутара яе мужа, уласніка гандлёвай крамы Віктара Рафаловіча.