«Красаўцы на ўзброенага праціўніка не падпісваліся. А таму за свайго гаранта ваяваць не будуць»
Астатнія, асабліва гарант стабільнасці, ацэньваюць свой баявы патэнцыял так, як ён таго заслугоўвае. Таму ваююць у тэлевізары з неверагодным праціўнікам і гучна трасуць ва ўсе бакі віртуальным «Арэшнікам».
«У сучасных ваенных стратэгіях і тактыках нічога не разумею. Таму я чытаю разумных людзей, якія разбіраюцца, — піша аўтар ТГ-канала «Лісты да дачкі». — І вось людзі, якія разбіраюцца, пішуць пра асаблівасці вядзення ваенных дзеянняў у Курскай вобласці паўночнакарэйскімі салдатамі. Дык я хачу сказаць, што, мяркуючы па ўсім, паўночнакарэйскія салдаты ў сучасных ваенных стратэгіях і тактыках разумеюць яшчэ менш за мяне.
І чаму я не здзіўлены? А я вам даўно казаў, што паўночнакарэйскі Кім дарма вырашыў праверыць непераможнасць свайго войска ў практычных палявых умовах.
Таму што непераможныя войскі бываюць непераможнымі, пакуль іх непераможнасць ніхто не правяраў. І калі ты хочаш, каб тваё войска засталося непераможным, то ад практычных баявых дзеянняў яго лепш трымаць далей.
А паўночнакарэйскае войска, я вам скажу, у тэлевізары яшчэ больш непераможнае, чым беларускае. Ламаць галавой цэглу беларускія і паўночнакарэйскія красаўцы ўмеюць аднолькава, але ў Паўночнай Карэі такіх красаўцау значна больш.
І вось раптам высветлілася, што навык разбівання цаглін галавой чамусьці зусім не актуальны ва ўмовах сучасных ваенных дзеянняў. І ўменне выконваць складаныя акрабатычныя трукі не дапамагае супраць баявых дронаў.
І наогул. Аказалася, што актуальны праціўнік, у адрозненне ад умоўнага, зусім не ўмее ваяваць па правілах. Таму што ў сваіх баявых дзеяннях ён наогул не ўлічвае непераможны статус непераможнага войска.
Я б мог вам сказаць, што супраць актуальнага праціўніка беларускае войска будзе ваяваць як паўночнакарэйскае. Але не скажу. Таму што ёсць адзін маленькі, але вельмі важны нюанс.
Я падазраю, што беларускае войска, у адрозненне ад паўночнакарэйскага, ва ўмовах практычных баявых дзеянняў за свайго гаранта ваяваць у прынцыпе не будзе.
За выключэннем асобных зусім ужо красаўцау. Але зусім ужо красаўцы добрыя ў баявых дзеяннях супраць няўзброеных дэструктыўных пенсіянерак. А на ўзброенага праціўніка красаўцы не падпісваліся.
У адрозненне ад паўночнакарэйскага Кіма, у беларускіх генералаў няма ніякіх ілюзій наконт сваёй баяздольнасці. Гэтых ілюзій нават у беларускага тэлевізара няма.
За выключэннем, можа Азаронка, які пахваліў гаранта стабільнасці за тое, што гарант высадзіўся на берагах Амана "як сябар, а не як заваёўнік". Але Азаронак — божы чалавек. Яму можна.
А астатнія, асабліва гарант стабільнасці, ацэньваюць свой баявы патэнцыял так, як ён таго заслугоўвае. Таму ваююць у тэлевізары з неверагодным праціўнікам і гучна трасуць ва ўсе бакі віртуальным "Арэшнікам". Таму што верагоднага суперніка іх баяздольнасць не вытрымае».