Крымінальную справу праваабаронцы Леаніда Судаленкі перадалі ў суд

Крымінальную справу палітзняволенага Леаніда Судаленкі перадалі ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. У хуткім часе стане вядомая дата пачатку судовых пасяджэнняў.

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка


Старшыню гомельскага аддзялення «Вясны» Леаніда Судаленку затрымалі раніцай 18 студзеня ў межах крымінальнай справы, пачатай паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).Ад моманту арышту Судаленку ўтрымліваюць у гомельскім СІЗА-3, перадае Радыё Свабода.

Судаленку вінавацяць у арганізацыі і фінансаванні пратэстаў. «Арганізацыя» — гэта збор сродкаў праз Facebook на дровы для шматдзетнай сям’і ў мароз. Гаспадара сям’і пазней пасадзілі нібыта за «масавыя беспарадкі». Таксама арганізацыя пратэстаў, на думку следства, — інтэрв’ю ў ліпені 2020 года блогеру Андрэю Павуку («Рудабельская паказуха») і запрашэнне сустрэць з ІЧУ Марыю Тульжанкову пасля «сутак».

Судаленка часткова дапамагаў людзям сплачваць штрафы. Ён казаў, што робіць гэта з францускай прэміі (яна склала 15 тысяч еўра).

Праваабаронца Леанід Судаленка ў лісце дзякаваў ўсім людзям, якія пішуць яму. На здароўе і настрой не скардзіцца.

«Настроіў сябе на пару гадоў лагераў, будзе час прайсці паглыблены курс “крымінальнага права”. Здароўе, дзякуй Богу, у парадку, штодзень хаджу на шпацыр. Днямі была жонка на спатканні, сказала, што не пазнала мяне – схуднеў, змяніўся ў лепшы бок. Са справай я ўжо азнаёміўся — гэта 77 тамоў. Там каля 300 сведак. Напэўна, суд будзе доўга. Потым апеляцыя некалькі месяцаў. Глядзіш, і паедзеш да “хозяина” (турэмны слэнг, абазначае “паехаць у калонію” — РС) на Новы год. У матэрыялах справы прачытаў лісты, якія мне дасылалі людзі, але мне іх не перадалі».