Два гады «хатняй хіміі» — за абразу Чамаданавай

Пракурор прасіў для абвінавачанага два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову: суддзя пагадзіўся з такім пакараннем.

Суд Цэнтральнага раёну

Суд Цэнтральнага раёну

Цэнтральны суд горада Мінска прызнаў 32-гадовага Артура Суворава вінаватым паводле арт.369 Крымінальнага кодэкса і асудзіў да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову – “хатняй хіміі”. Справу вёў суддзя Дзмітрый Карсюк. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Арцём Цвяткоў. Пацярпелай выступіла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

Яго прызналі вінаватым у тым, што 25 верасня 2020 года ён пакінуў каментар да публікацыі з фота Чамаданавай, які ўтрымліваў абразу, выказанную ў непрыстойнай і грубай форме: слова “пропагандистская” і мат. Згодна з абвінавачаннем, ён меў намер публічна абразіць прадстаўніка ўлады Чамаданаву “у сувязі з выкананнем ёю службовых абавязкаў… па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй у РБ, рознымі палітычнымі поглядамі, пачуццём непрыязнасці да прадстаўнікоў улады, кіруючыся нізіннымі намерамі, якія выказаліся ў жаданні прадставіць Чамаданаву ў зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці, адпомсціць за асвятленне ў СМІ і глабальнай сетцы інтэрнэт пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі МУС”.

Артур Сувораў поўнасцю прызнаў віну. Ён сказаў, што паддаўся агульнаму псіхозу ў сацсетках і на эмоцыях напісаў каментар: ведаў, што пакідае яго ў бок прэс-сакратаркі. Зараз дрэнна ставіцца да таго, што здзейсніў, і хоча выбачыцца перад Чамаданавай.

Ён распавёў, што пераехаў да бабулі і дзядулі, каб дапамагаць ім: яны маюць шмат захворванняў. Зараз плануе знайсці працу (з мінулай яго звольнілі) і больш не здзяйсняць такіх учынкаў. На судзе прысутнічала дзяўчына, з якой ён плануе стварыць сям’ю. Ён быў гатовы пакрыць любую названую шкоду.  

Чамаданава была ўпэўненая, што каментар зневажальны і пакінуты выключна ў сувязі з яе дзейнасцю. Выказала пажаданне, каб грошы за маральную кампенсацыю абвінавачаны перавёў у асацыяцыю дапамогі дзецям з інваліднасцю: паколькі гэта дабрачыннасць, яна пакінула абвінавачанаму права агучыць суму, якую ён можа пералічыць. Артур Сувораў адказаў, што гатовы пералічыць дзве тысячы рублёў.

Пракурор Цвяткоў запрасіў для абвінавачанага два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову: суддзя пагадзіўся з такім пакараннем.

spring96.org