Марына Адамовіч: Статкевіч дамогся таго, каб не ўдзельнічаць у фарсе
Напярэдадні сілавікі прыходзілі з ператрусамі не толькі ў мінскую Грушаўку. Белсат пагутарыў з жыхарамі мікрараёну Уручча, да якіх таксама завіталі з аглядам. Імёны герояў змененыя дзеля бяспекі.
У гомельскім следчым ізалятары №3
працягваецца закрыты суд над Міколам Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам
Лосікам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Іх
абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
Як сказала ў размове з «Радыё Рацыя» жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, арганізатары судзілішча тлумачаць беспрэцэдэнтную сакрэтнасць працэсу нейкімі меркаваннямі бяспекі:
— Безумоўна, меркаванні бяспекі, яны не тычацца нашых блізкіх, таму што яны і так ужо больш за год знаходзяцца за кратамі, у самых жорсткіх і нечалавечых умовах. Верагодна, вельмі баяцца агалоскі людзі, якія пагадзіліся удзельнічаць у неправадзейных працэсах, і тым больш гатовыя вынесці прысуды. Я думаю, што меркаванні бяспекі тычыцца найперш суддзі і пракурора.
То-бок на сённяшні дзень мы не ведаем ані імя суддзі, ані імя пракурора — прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачвання. І тым больш — мы не ведаем, што там адбываецца. Усё, што адбываецца, — адбываецца за зачыненымі дзвярыма. Адзіны, хто меў доступ — дзяржаўная прапаганда, калі вы бачылі відэа.
— І што на гэты час вядома? Піша нешта Мікола Віктаравіч? Ён удзельнічае ці не ўдзельнічае ў гэтых працэсах? Раней была інфармацыя, што ён адмаўляецца ўдзельнічаць.
— Усё, што мне вядома, вядома з лістоў Мікалая. Я магу абсалютна ўпэўнена сцвярджаць, што Мікалай дамогся таго, каб не ўдзельнічаць у гэтых, так званых, пасяджэннях. Прынамсі на этапе так званага судовага следства. Бо ён неаднаразова рабіў заявы, што лічыць усю гэтую справу сфабрыкаванай, лічыць такую фабрыкацыю справы крымінальным злачынствам, і катэгарычна адмаўляецца ў гэтым удзельнічаць.
Ён не знаёміўся з гэтай справай, і гэтак жа ён падаў заявы ў суд напярэдадні працэсу, што ён адмаўляецца там удзельнічаць. Ну я думаю, што, безумоўна, на такую заяву ніхто б не адрэгаваў, але нейкім чынам ён усё ж такі дамогся таго, каб яго выдалілі з залі суда на чацвёрты дзень, і на сённяшні дзень ён таксама там не ўдзельнічае. Там толькі нашыя адвакаты.
Мне вядома, што ў першы дзень, калі яго выдалялі з залі так званага судовага пасяджэння, то яму дастаткова істотна пашкодзілі руку. Верагодна, выкруцілі яе вельмі моцна, але ён мне напісаў, што рука аднавілася.
Дастаткова шмат лістоў не прайшло, ад 24 да 4 не выйшаў ні адзін ліст, мабыць стараліся, каб ніхто не даведаўся ад Мікалая пра тое, што там адбываецца. Але ён упарта паўтарае ў кожным лісце тое, што ён разумее, што я не атрымала, таму нейкая інфармацыя ў мяне сёння ёсць.
Ён рэагуе таксама на тое, што адбываецца цяпер у нашай краіне. Лічыць, што тое, што назвалі нашыя, так званыя ўлады, „зачысткай”, гэта рэалізацыя агучанных Макеем абяцанняў, што ў адказ на санкцыі ў нас будзе знішчана грамадзянская супольнасць, але лічыць, што гэта прывядзе да радыкальна супрацьлеглага выніку — што санкцыі непазбежна будуць узмоцненыя, і грамадзянскую супольнасць знішчыць практычна немажліва. Бо яна ў нас нарадзілася ўжо ў форме дваровых супольнасцяў.
„Нават на сваім прыкладзе, і не толькі сваім, адчуваю велізарную гатоўнасць шмат якіх людзей падтрымліваць палітычных зняволеных”, — кажа Марына Адамовіч.