«Чаплялася за адзенне супрацоўніка» — арыштавалі за непадпарадкаванне, хоць рукі былі за спіной у кайданках

Мінчанку арыштавалі за непадпарадкаванне ў момант, калі яе рукі былі за спіной у кайданках. Адвакатка падчас працэсу заявіла адвод суддзі, бо ён прама ці ўскосна зацікаўлены ў выніку справы. Але суддзя, вядома, адхіліў яго, паведамляюць праваабаронцы. 

Фота yandex.by/maps

Фота yandex.by/maps

23 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна разглядзелі справу 57-гадовай Марыны Петражыцкай. Яе справу вёў суддзя Дзмітрый Карсюк.

Згодна з пратаколам, Марыну затрымалі 22 ліпеня ў 21:05 на тэрыторыі Цэнтральнага РУУСа. Яе абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, бо нібыта яна ўпіралася нагамі і чаплялася за адзенне супрацоўніка.

Жанчына з пратаколам не пагадзілася, бо яна сцвярджае, што ў 21:15 яна была яшчэ ў будынку КДБ на вуліцы Казлова, 6, куды яе прывезлі пасля ператрусу дома.

Яна звяртае ўвагу суда, што наогул не магла аказваць непадпарадкаванне, бо ўвесь час яе рукі былі за спіной у кайданках.

На допыце сведка-міліцыянт заявіў, што "ім паступіла інфармацыя аб магчымым удзеле Марыны ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". Ён сцвярджае, што пры затрыманні прадставіўся і назваў жанчыне прычыну.

Пытанне адвакаткі наконт даты і часу "магчымага ўдзелу ў мерапрыемстве" суддзя Дзмітрый Карсюк зняў.

Па словах самой Марыны, да службовай машыны, на якой яе адвезлі ў РУУС, яе суправаджаў маёр КДБ, а кайданкі знялі толькі ў будынку РУУСа. Сведка ж гэта адмаўляе, бо ён не бачыў на месцы затрымання супрацоўніка КДБ і не памятае, што па тым адрасе знаходзіцца будынак КДБ.

Адвакатка падчас працэсу заявіла адвод суддзі, бо ён прама ці ўскосна зацікаўлены ў выніку справы. Але суддзя Карсюк, вядома, адхіліў яго. У выніку, суддзя пакараў Марыну Петражыцкую 15-сутачным арыштам.