Летась нараджальнасць у Беларусі ўпала да гістарычнага мінімума з 1945 года
У мінулым годзе наша краіна паставіла пэўны «рэкорд»: у Беларусі нарадзілася 87 851 дзіця. Гэта гістарычны мінімум за перыяд з 1945 года, перадае тэлеграм-канал «Кастрычніцкі эканамічны форум».
Нават у крызісныя 1990-я і няпростыя 2000-я нараджалі больш, але ж тады не было маштабнай жыллёвай падтрымкі, дапамог такога памеру і сямейнага капіталу, а зарплата і ўвогуле была на парадак меншай, чым цяпер, адзначае канал.
У 2018 годзе ў Беларусі нарадзілася 94 042 дзіцяці — гэта быў мінімум за апошнія 13 гадоў. Тады насельніцтва краіны складала крыху больш за больш за 9 475 тысяч чалавек.
Некаторыя прычыны такой сумнай статыстыкі, здавалася б, відавочныя: нараджаць першае дзіця сталі пазней, у фертыльны ўзрост уваходзіць пакаленне жанчын, народжаных у 1990-я, калі быў правал нараджальнасці. Але разам з тым, узровень падтрымкі цяпер невымерна вышэйшы. Ужо ў 2018 годзе сумарны каэфіцыент нараджальнасці — той самы, які павінен быць большым за 2,1 для простага ўзнаўлення насельніцтва, — у Мінску быў ніжэйшы за адзінку, а ў астатніх рэгіёнах ён моцна ўпаў у параўнанні з пікавым 2016 годам.
З гэтага аўтары допісу зрабілі шэраг высноваў і прапаноў.
1. Жыллёвая падтрымка сем'яў з дзецьмі перастала даваць чаканыя вынікі як інструмент стымулявання нараджальнасці. І яна сама меней несправядлівая, таму што цяпер усё грамадства плаціць (сваімі падаткамі) вузкаму колу забудоўшчыкаў. Але ж поўна іншых формаў жыллёвай падтрымкі — арэнднае жыллё па адэкватных цэнах цалкам стане альтэрнатывай для міленіялаў. А калі не спрабаваць зламаць макраэканамічную стабільнасць «стымуляваннем» жыллёвага будаўніцтва, то працэнтныя стаўкі па рублёвых жыллёвых крэдытах праз пару-тройку гадоў стануць прымальнымі.
2. Сістэма дапамог па догляду за дзіцем у цяперашнім выглядзе таксама перастала быць эфектыўным спосабам стымулявання нараджальнасці. Яна некалькі гадоў працавала на вёсцы, але якая доля сем'яў у Беларусі жыве ў сельскай мясцовасці? Для гарадской (ды і для сельскай) нараджальнасці патрэбна праца з нармальным узроўнем даходу, магчымасці сумяшчэння працы і выхавання дзяцей і вера ў тое, што ў тваіх дзяцей ёсць будучыня як мінімум у краіне.
Ясная справа, і іншых праблем хапае — ад рэпрадуктыўнага здароўя да гвалту ў сям'і. Але «слупы» — жыллё і дапамогі — чапаць ніхто пакуль не вырашаецца. Але калі бюджэтныя грошы, зэканомленыя на жыллі, накіраваць на павышэнне заробкаў настаўнікам, сярэдняя сям'я ў крыўдзе не будзе? Напэўна ніхто не пакрыўдзіцца на дзяржаву, калі яна дасць «зялёнае святло» для разнастайных варыянтаў прыватных дзіцячых садоў — досведу суседніх краін поўна. Ці трэба сумнявацца ў тым, што можна знайсці такія варыянты рэформы сістэмы дапамог, пры якіх мамы (ці таты) будуць без крыўд на дзяржаву выходзіць з адпачынку па догляду за дзіцем у 2 гады, а не ў 3?
Пачаць «закручваць гайкі» пасля выбараў — гэта азлобіць грамадства. Абвясціць напрамкі рэформы цяпер — гэта паказаць людзям, што з імі сумленныя і з іх меркаваннем лічацца, мяркуюць аўтары допісу.