Ліцэі спыняюць прыём? Іх ліквідуюць? Каментар Міністэрства і ліцэя

5 красавіка на сайце Мінскага ліцэя №1 з'явілася інфармацыя, што набору навучэнцаў у дзясятыя класы сёлета не будзе. Пасля гэтага ў сацсетках сталі абмяркоўваць, што нібыта з наступнага навучальнага года ўсе гарадскія ліцэі будуць ліквідаваныя. Міністэрства адукацыі абвяргае гэтыя заявы. У самім ліцэі №1 Мінска патлумачылі з'яўленне інфармацыі аб спыненні прыёму дакументаў тым, што іх сайт быў узламаны.

licey_bgu_30082919_tutby_brush_phsl__1.jpg

5 красавіка на сайце ліцэя № 1 з'явілася аб'ява: «Увага! У 2021 годзе набор навучэнцаў у 10-я класы ажыццяўляцца не будзе», піша TUT.BY.

Да вечара гэтая інфармацыя знікла з сайта, замест яе з'явіўся графік прыёму дакументаў — спачатку на 2020 год і толькі затым на 2021-ы, звярнуў увагу на сваёй старонцы ў Facebook Яўген Лівянт.

У самім ліцэі інфармацыю аб спыненні прыёму тлумачаць тым, што сайт установы адукацыі быў узламаны.

— Нас узламалі ўчора, але ўся інфармацыя вярнулася на сайт. Можаце глядзець, там усё актуальна. На дадзены момант набор будзе ажыццяўляцца ва ўстаноўленыя тэрміны. Калі нешта зменіцца, гэтая інфармацыя з'явіцца на сайце. Але пакуль набор плануецца.

У Міністэрстве адукацыі таксама абверглі інфармацыю аб тым, нібыта гарадскія ліцэі будуць ліквідаваныя.

— У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь праводзіцца работа па вывучэнні дзейнасці ліцэяў, якія рэалізуюць праграму агульнай сярэдняй адукацыі з мэтай выбудоўвання агульнай сістэмы іх функцыянавання, удасканалення ўступнай кампаніі, вызначэння месца і ролі ліцэяў пры вышэйшых навучальных установах, у Мінску, абласных і раённых цэнтрах, у складзе якіх маюцца альбо адсутнічаюць інтэрнаты. У штогадовых планах аптымізацыі Мінскага гарвыканкама і абласных выканаўчых камітэтаў, якія ўзгоднены Міністэрствам адукацыі, закрыццё або рэарганізацыя якіх-небудзь агульнаадукацыйных ліцэяў адсутнічае, — прыводзіць словы Ігара Карпенкі прэс-служба Міністэрства адукацыі.

У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, якая ў снежні 2020-га паступіла на разгляд у Палату прадстаўнікоў, захоўваецца паняцце ліцэя як установы сярэдняй адукацыі.

Паводле звестак Міжнароднага даследавання PISA, у якім Беларусь упершыню ўзяла ўдзел у 2018 годзе, навучэнцы ліцэяў паказваюць значна больш высокія вынікі, чым вучні звычайных сельскіх і гарадскіх школ. Разрыў даходзіць да 106 пунктаў. Веды, якія ліцэісты прадэманстравалі на тэстах PISA, супастаўныя з сярэднім значэннем сусветных лідараў у адукацыі — Кітая, Сінгапура, Эстоніі.