Лукашэнка заклікаў да адзінства паміж народамі і ўнутры царквы

Выступаючы 7 студзеня ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, Аляксандр Лукашэнка заклікаў да адзінства паміж народамі і ўнутры царквы, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


"Ёсць нейкія пераборы ў плане таго, што трэба аддзяліцца, вылучыцца, яшчэ нешта там. Ведаеце, жыццё ўсё расставіць на свае месцы. Ніколі не трэба бегчы наперадзе паравоза. Ніколі не трэба ставіць для вырашэння тыя пытанні, якіх сёння не існуе. Нам абсалютна не перашкаджае сёння тое, што мы з брацкімі народамі — рускімі, украінцамі, іншымі народамі і народнасцямі, якія пражываюць у нашых дзяржавах, ва ўлонні праваслаўя знаходзімся разам", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
"А тое, што сёння наспела, і тое, што трэба вырашаць у царкве, у дзяржаве, я гэта казаў на Сінодзе. Гэта нічога агульнага не мае з тым, што мы павінны сёння абавязкова парэзаць усё па жывому і раз'яднацца. Не трэба гэта рабіць. Трэба быць спакойнымі, трэба вырашаць тыя задачы, якія сёння ёсць, і трошкі глядзець наперад, — адзначыў Лукашэнка. — Не трэба глядзець вельмі далёка. У адваротным выпадку мы можам дапусціць памылкі. У наш няпросты час гэта недапушчальна і трэба быць вельмі акуратнымі для таго, каб зарыентавацца ў гэтым бурным і няпэўным свеце".
Як паведамляў БелаПАН, на днях мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел раскрытыкаваў ідэю стварэння беларускай аўтакефальнай царквы. У прыватнасці, ён заявіў, што ідэя стварэння беларускай аўтакефальнай царквы з'яўляецца д'ябальскай спакусай, бо спрыяе не аб'яднанню, а раз'яднанню людзей.
"Вось вы паглядзіце, што адбываецца сёння. Пад выглядам добразычлівым, звярніце ўвагу, той жа самы метад, тая ж самая карціна — спакуса д'яблам Евы, і гэта ўсё сёння адбываецца ў наш час. Як д'ябал кажа, паказваючы гэты забаронены плод і гэта дрэва: "Паглядзі, як прыгожа, Бог табе не так сказаў". І Ева паслухала падман, ліслівасць ворага роду чалавечага, і спазнала гэты забаронены плод. Адбываецца тое ж самае: "Вось паглядзіце, як выдатна, каб у нас была царква нацыянальная, каб яна была вось свая, самастойная, так. Слухайце, а што, нам хіба нельга маліцца?" — сказаў мітрапаліт у інтэрв'ю праваслаўнаму тэлеканалу "Саюз".
Прадстаяцель падкрэсліў, што царква ніколі не рабіла акцэнта на нацыянальнай прыналежнасці сваіх вернікаў, памятаючы пра тое, што для Бога "няма ні эліна, ні іудзея".
"Дзе ні служыў, усе былі адзіныя, ніхто ніколі не падзяляў адзін аднаго на нейкія мовы, на нацыянальнасці, мы ўсе браты і сёстры ў Хрысце, — адзначыў мітрапаліт Павел. — А сёння вось пад такой добрапрыстойнай падставай — свабода, незалежнасць — спрабуюць навязаць новую ідэю, якая не аб'ядноўвае людзей, а раз'ядноўвае".
Мітрапаліт Павел (Георгій Панамароў), прызначаны патрыяршым экзархам усяе Беларусі ў снежні 2013 года, да гэтага ўзначальваў Разанскую мітраполію Рускай праваслаўнай царквы. У 1990-я гады быў іерархам рускага праваслаўя ў ЗША і Канадзе, а затым у Аўстрыі. З дазволу Аляксандра Лукашэнкі мітрапаліт Павел, нягледзячы на нормы заканадаўства, не стаў атрымліваць беларускае грамадзянства.
Паводле БелаПАН