Архіепіскап Арцемій: Хрыстос сыходзіць з неба, каб чалавек узняўся на неба

У Беларусі свята Раства Хрыстовага паводле Юліянскага календара 7-га студзеня адзначаюць праваслаўныя хрысціяне.

suscynski_artemij_833x400.jpg


З гэтай нагоды архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій выступіў са словам віншавання на “Радыё Рацыя”.

У звароце праваслаўны ўладыка нагадаў, што Збавіцель Свету ўцелясніўся, каб чалавек узняўся на неба і быў далучаны да быцця Божага. Архіепіскап Арцемій сказаў:

— Улюбёныя ў Госпадзе браты і сёстры, сардэчна віншую Вас з вялікім і радасным святам Нараджэння Хрыстовага. Амаль 2000 гадоў аддзяляюць нас ад той святой віфлеемскай ночы, што абвясціла свету таямніцу Богаўцеляснення. Хрыстос, нязменны і вечны Бог, сыходзіць з неба, каб чалавек узняўся на неба і быў далучаны да быцця Божага. Праз Ісуса Хрыста мы дзеці Божыя, праз Дзеву Марыю Хрыстос з намі і ў нас.

Сёння, калі мы прыгадваем сабе тыя абставіны, якімі суправаджалася нараджэнне Хрыста, нам уяўляецца на першы погляд ідэлічны малюнак: у пячоры, сярод хатніх жывёл, нараджаецца Богадзіцятка. А на самай справе гэта было страшна: пячора, якая служыла хлявом для жывёлы, стала месцам з’яўлення ў свет Збавіцеля. Нічога лепшага акрамя хлява свет не падрыхтаваў для яго.

Такім чынам, Нараджэнне Хрыста — гэта не проста чарадзейная казка, не толькі цудоўная гісторыя з прыгожай ялінкай ды рознакаляровымі ліхтарыкамі і цацкамі на ёй. У хуткім часе пасля нараджэння Хрыста пачаліся ганенні і некалькі мільёнаў чалавек аддалі сваё жыццё за Яго і за сцвярджэнне сапраўднасці Яго Уваскрасення.

Шмат для каго сёння свята Нараджэння Хрыстовага — гэта святочныя кірмашы і зніжкі, падарункі, цукеркі, пернікі, але не ў гэтай мітусні сапраўдны сэнс з’яўлення Сына Божага ў свеце. Найперш, свята Нараджэння Хрыстова — гэта магчымасць сустрэчы чалавека з Богам. Гэтая сустрэча адбываецца ў нашым сэрцы, менавіта дзеля яе прыйшоў Гасподзь на зямлю, стаў чалавекам і пражыў чалавечае жыццё, перанёс пакуты і смерць на крыжы, уваскрэс з мёртвых і ўзышоў на неба. Усё гэта для таго, каб разбурылася перашкода паміж Богам і чалавекам, узведзеная чалавечым грахом.

У нараджэнні Хрыста адбываецца суцэльнае аднаўленне чалавечай прыроды, не толькі ў тым адзіным нараджэнні Сына Божага, якое мела месца прыблізна 2000 гадоў таму назад у Віфлееме, але і ў тым нараджэнні Збавіцеля, якое зноў і зноў адбываецца ў нашых душах, у сэрцы кожнага чалавека, які ў сваім жыцці шукае Хрыста і звяртаецца да Яго.

Няхай свята Нараджэння Хрыстовага стане святам нараджэння Сына Божага ў нашай душы і святам нашага адраджэння ў Хрысце. Каб у нашых душах нарадзілася святло Хрыстовае і напоўніла нас благадаццю, святлом і святасцю. Са святам, браты і сёстры!


Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя