Забітая ігумення Cвята-Ксеніеўскага манастыра матухна Васіліса

У Барысаўскім раёне забітая ігумення Cвята-Ксеніеўскага жаночага манастыра матухна Васіліса.

Фота: mlyn.by

Фота: mlyn.by


Першым пра забойства паведаміў інтэрнэт-рэсурс mlyn.by, паводле інфармацыі якога злачынства было здзейсненае 5 студзеня прыблізна ў 21.00. Нібыта матухну забіла адна з жанчын, якая прыходзіла дапамагаць у манастыры.
У праваахоўных органах інфармацыю пра забойства ігуменні пацвярджаюць, але ніякіх падрабязнасцяў пакуль не паведамляюць.
Між тым, як паведаміла БелаПАН кіраўнік паломніцкай службы Cвята-Ксеніеўскага манастыра Наталля Закрэўская, напад на матухну Васілісу быў здзейснены позна вечарам 4-га альбо ўначы 5 студзеня. Ігумення з нажавымі раненнямі была дастаўленая ў бальніцу, але выратаваць яе не ўдалося.
Паводле слоў Закрэўскай, хто менавіта здзейсніў напад, дакладна невядома, гэта магла быць жанчына, што дапамагала ў манастыры. "Гэта нейкі хворы чалавек, — выказала здагадку кіраўнік паломніцкай службы. — Матухна прывячала ў манастыры ўсіх — п'яніц, убогіх. Больш за ўсё яна радавалася за такіх людзей".
Закрэўская паведаміла, што развітанне з памерлай адбудзецца 8 студзеня. Манастыр чакае ўсіх ахвотных памаліцца за матухну Васілісу або дапамагчы ў падрыхтоўцы да развітання з ёй, дадала кіраўнік паломніцкай службы.
Паводле інфармацыі сайта Cвята-Ксеніеўскага манастыра, ігумення Васіліса (Мядзведзь) нарадзілася 10 сакавіка 1949 года ў горадзе Сосніца Чарнігаўскай вобласці (Украіна). Скончыла гістарычны факультэт Чарнігаўскага педагагічнага інстытута. Выкладала ў школе. Была прыхаджанкай Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску, затым пасля ўтварэння Елізавецінскага сястрынства пры саборы стала сястрой міласэрнасці. У 2001 годзе служыла паслушніцай Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра пад Мінскам, потым прыняла пострыг. З 2004 года з благаславення мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, — ігумення Свята-Ксеніеўскага жаночага манастыра ў вёсцы Барань Барысаўскага раёна.
Ірына Турчына, Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН