«Маці-328» будуць стаяць ля Палаты прадстаўнікоў, пакуль не зменяць «антынаркатычнае» заканадаўства

Бацькі асуджаных па 328 артыкуле Крымінальнага кадэкса ў пятніцу, 21 чэрвеня, а 9-ай гадзіне маюць намер выйсці да Палаты прадстаўнікоў на бестэрміновую акцыю.

«Маці-328» каля Дома ўраду, 2 красавіка 2018 года. Фота Радыё Свабода

«Маці-328» каля Дома ўраду, 2 красавіка 2018 года. Фота Радыё Свабода

Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла маці аднаго з асуджаных Юлія Астроўка.


«SOS!!!!! Усім мамам і татам, сваякам па арт. 328 — у нас ёсць шанец!!!! Усе ў пятніцу 2019/06/21 збіраемся ў 9.00ля Палаты прадстаўнікоў з патрабаваннем змянення заканадаўства па арт. 328. Патрабуем і застаемся на плошчы, пакуль не зменяць законапраект», — напісала яна.
Нагадаем, 13 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у другім чытанні прынялі папраўкі ў артыкул 328 Крымінальнага кодэксу (Незаконны абарот наркатычных сродкаў). Змены тычацца зніжэння ніжніх межаў пакарання па 2 і 3 частках 328-га артыкулу. Цяпер за захоўванне наркотыкаў з мэтай распаўсюду пагражае ад 3 да 8 гадоў зняволення (раней мінімальнае пакаранне было 5 гадоў). За гэтае ж злачынства, здзейсненае групай асобаў, у буйным памеры ці ўчыненае паўторна, пакаранне зніжана ад 6, замест ад 8 гадоў зняволення.
Асобам, якія захоўваюць наркатычныя рэчывы без мэты распаўсюду, пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў.
Аднак «Маці-328» лічаць змены недастатковымі і з 13 чэрвеня трымаюць галадоўку. Яны маюць намер дамагацца зніжэння тэрмінаў паводле 4 часткі артыкула 328.