Міліцыянты затрымалі адну з галадоўніц «Маці 328»

У вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну мясцовыя міліцыянты затрымалі ўдзельніцу галадоўкі «Маці 328» Святлану Віткоўскую. Жанчыну трымаюць у Свіслацкім аддзяленні міліцыі больш за 4 гадзіны, прычыны затрымання невядомыя.

Лецішча, дзе трымаюць галадоўку «Маці 328»

Лецішча, дзе трымаюць галадоўку «Маці 328»

Пра затрыманне “Свабодзе” паведаміла актывістка руху «Маці 328» Алена Кузьміна, на чыім лецішчы праходзіць галадоўка.

«Каля 11 раніцы Святлана выправілася ў пасёлак Дружны на прыпынак, каб ехаць у Мінск на чыгуначны вакзал, а адтуль да сябе ў Берасце. Але яе затрымалі на вуліцы, і вось ужо больш за 4 гадзіны не выпускаюць. Мы за яе вельмі непакоімся», — сказала Алена Кузьміна.

У Свіслацкім аддзяленні міліцыі Пухавіцкага раёну карэспандэнту Свабоды пацвердзілі, што Святлана Віткоўская знаходзіцца ў іх, але не патлумачылі прычыны затрымання і не сказалі, якія адносна яе будуць рабіцца захады.

Хто такая Святлана Віткоўская

Паводле актывістак «Маці 328», Святлане Віткоўскай 61 год, яна ўжо на пенсіі. Яе сына арыштавалі за распаўсюд наркотыкаў.

«У сына канфіскавалі ўсе грошы і рэчы, але частка з іх, як яна кажа, былі яе ашчаджэннямі за шмат гадоў працы. Казала, што „пакінулі яе голай, зусім без грошай”. Прычым яна сцвярджае, што ў справе гэтыя сродкі не фігуравалі, і атрымліваецца, што іх проста забралі сабе», — кажа Алена Кузьміна.

Святлана Віткоўская прыехала ў Востраў, каб падтрымаць акцыю «Маці 328», і галадала разам з імі некалькі дзён.

17:50 Абноўлена. Святлану Віткоўскую адпусцілі з міліцыі. Пра гэта Алене Кузміной паведаміў дзяжурны Свіслацкага пастарунку.

З 11 чэрвеня ў вёсцы Востраў галадаюць тры жанчыны з руху «Маці 328». Вядома, што да галадоўкі за гэты час далучаліся сама меней яшчэ 4 чалавекі. Некаторыя галадаюць па месцы жыхарства, некаторыя галадоўку спынілі.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»

11 чэрвеня актывісткі руху «Маці 328», дзеці якіх адбываюць пакаранне паводле наркатычнага артыкулу, абвясцілі галадоўку.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць

• Сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам;

• Гуманізацыі антынаркатычнага заканадаўства;

• Перагляду спраў па 328-м артыкуле;

• Прыбраць з закону паняцце «асабліва небяспечныя наркотыкі»:

• Адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы;

• Амністыі для непаўналетніх;

• Роспуску Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага cходу.

13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытанні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўлення волі за незаконнае абарачэнне наркотыкаў зменшылі на 2 гады.

У красавіку-траўні 2018 годe актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкулу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама зменаў у заканадаўства.

www.svaboda.org