«Маці беларускай рэвалюцыі»: італьянскі Vogue апублікаваў партрэты Ніны Багінскай
Італьянскі Vogue на сваім сайце апублікаваў серыю партрэтаў 73-гадовай Ніны Багінскай «Тhe mother of Belarusian revolution» («Маці беларускай рэвалюцыі») фатографа Івана Равякі. Аб гэтым паведаміў часопіс аб сучасным беларускім мастацтве Chrysalis Mag.
Вэб-версіяй Vogue Italia карыстаюцца тысячы фатографаў: яны дасылаюць свае здымкі на мадэрацыю, каб пасля ўбачыць іх на сайце часопіса. Перад выпускам кадры праглядае галоўрэд і зацвярджае тыя, што больш падыходзяць стылістыцы Vogue. Фотамастакі праходзяць адсеў.
Іван Равяка аб здымцы партрэтаў Ніны Багінскай — адным з сімвалам беларускіх пратэстаў:
«Мы размаўлялі не так доўга, як хацелася б. Ды, калі шчыра, асабліва не памятаю, аб чым мы гаварылі. Нешта пра яблыкі, градкі, пратэсты, Лукашэнка, зноў пра яблыкі і градкі. Дзесьці пад канец яна распавяла, што заўсёды хацела мець шмат дзяцей. Я пажартаваў, што яна бабуля беларускай рэвалюцыі, а яна сказала «глупствы» і збянтэжана заўсміхалася.
А потым кажу:
— Ніна Рыгораўна, што б вы сказалі беларусам, калі б ведалі, што вас пачуюць усе? ⠀
Яна доўга рыхтавалася, доўга думала.
— Я б дзве рэчы перадала. Першае — гэта што няможна быць шчаслівым, калі чалавек не вольны. За волю трэба змагацца, за зямлю, за мову, за нашых людзей змагацца трэба. Зямля і людзі вольныя павінны быць. І шчаслівыя. А іншае — гэта прыроду нашу захоўваць трэба. Каб чыста было і добра. Мы ад прыроды пайшлі, мы яе і захоўваць належныя. І перадайце ў Інтэрнэт, што я кахаю ўсіх. ⠀
Дык вось, інтэрнэт, перадаю вам, што яна нас усіх любіць. І абдымае нас усіх — маленькая, худзенькая і такая моцная, бабуля ўсіх беларусаў — Ніна Багінская».
Паводле kyky.org