Маці салдата, які памёр ад рака, атрымала адказ Следчага камітэта
Следчы камітэт пісьмова адказаў маці Міхала Рыштоўскага, якога камісавалі з войска з 4 стадыяй анкалогіі страўніка, што падставаў для праверкі з нагоды смерці ейнага сына няма, піша Радыё Свабода.

Міхал Рыштоўскі
Маці Міхала Вольга Куневіч падазрае, што падчас прызыву сына былі падмененыя медыцынскія дакумэнты, што дазволіла ўзяць яго ў войска з кепскім станам здароўя. Яна напісала заяву ў міліцыю з просьбай разабрацца ў гэтай справе.
Адказ жанчыне прыйшоў з Карэліцкага раённага аддзелу Следчага камітэту. Паводле яго, падставаў для правядзення праверкі няма, бо падчас ранейшых праверак было «дакладна выяўлена, што захворванне было атрымана ў перыяд вайсковай службы».
«Яшчэ ў аўторак міліцыя адказала на маё пытанне, ці нешта змянілася ў справе, маўляў, толькі ў пятніцу напісалі заяву, а сёння толькі аўторак, толькі пачатак. А ўжо ў суботу прыйшоў адказ. Як такое можа быць? Як яны маглі правесці праверку менш, чым за тыдзень?», — разважае сястра памерлага хлопца Марыя.

Праўда, калі яна пазваніла ў міліцыю, яе запэўнілі вусна, што праверка праводзіцца будзе.
26-гадовы Міхал Рыштоўскі з Карэліцкага раёна памёр сёлета 20 ліпеня. За некалькі месяцаў да гэтага ў яго выявілі рак і камісавалі з войска. Па словах родных, Міхал яшчэ да арміі, а таксама падчас службы неаднаразова скардзіўся на здароўе і ляжаў у шпіталях. Аднак цяжкой хваробы ў яго догі час не дыягназавалі. Заўважылі толькі на апошняй стадыі. Сваякі мяркуюць, што ў смерці хлопца вінаваты супрацоўнік ваенкамата па Наваградзкім і Карэліцкім раёне Канстанцін Зарубайка.