Улёткі, збор подпісаў і пікеты. Што рыхтуюць праціўнікі закона «Аб адтэрміноўках»?
Чыноўнікі фактычна праігнаравалі петыцыю супраць закона «Аб адтэрміноўках», якая сабрала 10 тысяч подпісаў. Аднак абыякавасць чыноўнікаў не спыніла неабыякавых грамадзян. Яны пачалі актыўна каардынавацца праз інтэрнэт і разам планаваць шэраг актыўнасцяў, каб ўсё ж дамагчыся таго, каб іх меркаванне было пачута.
Аўтары петыцыі супраць закона “Аб адтэрміноўках" патрабавалі даць адтэрміноўку ад войска абітурыентам, якія паступілі ў ВНУ пасля сярэдняга спецыяльнага або прафесійна-тэхнічнага навучання, вярнуць адтэрміноўку тым, хто хоча працягваць адукацыю ў аспірантуры або магістратуры. Таксама аўтары петыцыі звярталі ўвагу на дыскрымінацыю ў навучанні дзяцей, якія пайшлі ў школу з 7 гадоў. Петыцыя была апублікавана на платформе petitions.by, і пад ёй у рэкордныя тэрміны падпісалася 10 тысяч чалавек — максімальна даступная лічба.
Як паведаміла “Еўрарадыё”, 29 ліпеня Палата прадстаўнікоў адказала арганізатарам петыцыі. У адказе гаворыцца, што выкладзеныя ў петыцыі думкі і аргументы дэпутаты прынялі да ведама. Але на стадыях падрыхтоўкі законапраект прайшоў працэдуру ўзгаднення, і эксперты пастанавілі, што ён адпавядае Канстытуцыі Беларусі і беларускаму заканадаўству.
Тое, што дэпутаты “прынялі да ведама” меркаванне 10 тысяч грамадзян Беларусі, гэтых грамадзян не задаволіла. Вынік — стварэнне кампаніі “Пратэст BY”, у тэлеграм-чаце якой ужо сабралося больш за 2400 чалавек.
Сайт - http://protestby.live/ Канал Telegram - https://t.me/protestby Чат Telegram - https://t.me/protestbychat VK – https://vk.com/protestby Instagram – https://www.instagram.com/protestby/ Facebook – https://www.facebook.com/protestby/ Одноклассники – https://ok.ru/group/56049002676232
Удзельнікі кампаніі рыхтуюць інфармацыйныя ўлёткі пра недасканаласць закону “аб адтэрміноўках”, збіраюцца і далей весці збор подпісаў за адмену закона, а таксама плануюць адзіночныя пікеты ў дазволеных для гэтага месцах. Таксама ў планах — мірны мітынг супраць прынятага закону на пачатку восені.
Хачу служыць у беларускiм войску!
Па інфармацыі “Радыё Свабода”, некалькі паведамленняў аб адзіночных пікетах ужо пададзена. Так, 23-гадовы Валянцін Мілешка падаў паведамленне на правядзенне пікету ў мінскім парку 50-годдзя Кастрычніка – дазволеным месцы для мірных сходаў грамадзян. Паведамленне зарэгістравалі і распісалі на ўпраўленне ідэалагічнай працы Заводскага раёну. Літаральна на наступны дзень, першага жніўня, хлопцу адтуль патэлефанавала намесніца начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і ў справах моладзі Валянціна Папкова. Яна, па словах хлопца, была настроена негатыўна і відавочна схіляла яго адклікаць паведамленне на пікет.
“Яна пыталася, якая мэта пікета, каго збіраемся агітаваць у лесапарку, ці няўжо няма ніякіх іншых спосабаў інфармавання людзей у краіне”, — распавёў Валянцін.
Жанчына праінфармавала Мілешку, што яму варта будзе заключаць дамовы з міліцыяй, хуткай і “Зелянбудам” і аплаціць па 3 базавыя велічыні ў кожную інстанцыю.
“Мы будзем вырашаць, ці трэба гэта нам напярэдадні пачатку навучальнага года”, — таксама папярэдзіла яна.
Такая фармулёўка яскрава паказвае, што чыноўніца не вельмі ўсведамляе, што ўжо паўгода як дзейнічае паведамляльны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў. А гэта значыць, што адмовіць Валянціну яна зможа толькі ў двух выпадках: калі нехта іншы ўжо падаў паведамленне на той жа час і тое ж месца, альбо калі паведамленне не адпавядае заканадаўству. Ці знойдуцца такія падставы — стане вядома ў хуткім часе.
Паводле spring96.org