Хачу служыць у беларускiм войску!
Жаночыя развагі пра мужчынскія справы.
Сёлета ў нашай краiне змянiлася заканадаўства што да тэрмiновай службы ў войску. Новы дакумент прымаўся на найвышэйшым узроўнi. А яго папярэднi разгляд у парламенце суправаджаўся бурлiвымi публічнымі дыскусiямi. Грамадства раз’юшана супрацiўлялася лiквiдацыi паўторнай адтэрмiноўкi ад войска пры навучанні ў ВНУ. Чыноўнікі нягегла выпраўдвалiся, маўляў, хлопцаў i так мала, а тыя, што вучацца, толькi для таго i вучацца, каб у войску не служыць.
Апошнi такi ажыятаж вакол беларускага войска я памятаю толькi ў звязку з сумным лёсам салдата Аляксандра Коржыча. Тады чакалася i верылася, што з праблемай дзедаўшчыны, пра якую казалi даўно i заўжды, нарэшце дадуць рады, пачнуць рабiць хоць нейкiя крокi для паляпшэння сiтуацыi. Яно i не дзiўна, што маладыя людзi робяць што заўгодна, каб не трапiць туды, дзе яны могуць загiнуць зусiм не ў вайсковы — у мiрны час. Але нашыя ўлады зрабiлi наадварот. I кiнулiся прэстыж беларускага войска падвышаць не дабраахвотна, а прымусова — то-бок, так, як яны заўжды i «выхоўваюць» у нас патрыятызм, гонар i адданасць краiне. «Прымусiм цябе радзiму любiць, сынок, i не на лекцыях, а ў ботах».
Мне б на iх месцы было б вельмi сорамна. Гэта ж якая ганьба на ўласную галаву вось так публiчна вызнаваць, колькi шмат людзей сёння ўсiмi магчымымi спосабамi iмкнуцца пазбегнуць службы ў войску — i, адпаведна, вызнаваць яго, гэтага войска, такi завоблачны антырэйтынг, антыпрэстыж. I яны не могуць даць з гэтым рады!
Насамрэч, даўно вядома, i давайце не будзем адмаўляць, што ўсе, каго тычыцца сітуацыя прызыву, намагаюцца выкарыстаць якую-кольвек магчымасць «адкасiць». На хлопцаў, што вось-вось дасягнуць прызыўнога ўзросту, блiжэйшае асяроддзе глядзiць з сумам, жалем i пастаянным жаданнем хаця б абняць i пашкадаваць. Ужо паверце мне, колькi я сама ў свой час хапалася за сэрца, чакаючы гэтага запаветнага «не прыдатны»: брат, хлопец, сябар, сыны блiзкай сяброўкi… Але ўсё гэта маскiруецца ў публiчнай прасторы прыгожай рыторыкай: з боку ўладаў усялякiмi пафаснымi заклiкамi да патрыятызму, з боку «ахвяраў» — не менш пафаснымi апеляцыямi да важнасцi атрымання беларускай вышэйшай адукацыi ўсіх ступеняў. Можа, давайце ўжо скiнем гэтыя маскi i паразмаўляем шчыра пра нашыя ўзаемныя прэтэнзii, накшталт: «Iдзiце да нас служыць, больш мы нічога не прыдумалі! — Ды не пойдзем мы да вас служыць, у вас страшна, бязлiтасна i бессэнсоўна!»?
А размаўляць варта, бо праблема ж ёсць. Бо гэта ўсё на тле той простай iсцiны, што баранiць краiну сапраўды трэба. За апошнiя некалькi стагоддзяў мы нiколi не знаходзiлiся ў дастаткова бяспечных умовах, каб дазволiць сабе цалкам расслабiцца, нават калi знешне сiтуацыя i заставалася мiрнай. Такi ў нас лёс, такая геаграфiя. У часы пасля Майдану ва Украiне стаў папулярны адзiн анекдот у выглядзе дыялогу двух украiнцаў:
— Нам трэба браць прыклад з Паўднёвай Карэi ды Iзраiля. — Падымаць эканомiку? — I гэта таксама, але я меў на ўвазе прызвычайвацца жыць з неадэкватным суседам.
Што ж, у выпадку Украiны неадэкватны сусед у нас супольны, таму i анекдатычныя прыклады рэлевантныя для нашай сiтуацыi. Мець добрае i эфектыўнае войска — гэта акурат адзiн са спосабаў прызвычаiцца з гэтым суседам жыць. У часы пасля Майдану ўвогуле шмат што пераасэнсоўвалася, бо было данесена да нас блiзка i непасрэдна праз сумны ўкраiнскi досвед. Я, напрыклад, упершыню ўзяла ў рукi зброю — хаця б на вучэбным палiгоне, хаця б патрэнiравацца ды пераканацца «на ўсялякi пажарны», што пры нагодзе дам з ёй рады. А партыя БНФ, да якой я належу, у 2014 годзе ўнесла папраўкi ў праграму пра абавязковую вайсковую службу. Я сама заўсёды падтрымлiвала iдэю выключна кантрактнага войска i таму была супраць гэтых паправак. Мне здавалася, гэта эталон для дэмакратычнай краiны, i так павiнна быць у iдэале, якi мы мусiм мець заўжды ў галаве i ў партыйнай праграме, каб дасягнуць яго. Але рэчаiснасць нагадвае нам усё часцей, што ад iдэальных умоваў мы вельмi далёкiя. Мне сёння зусiм не бачыцца рэальным варыянт кантрактнага войска, мы гэта не пацягнем, мы гэта не паспеем ажыццявiць. Я хачу ведаць, што ўвесь мой народ падрыхтаваны да абароны сябе i нашай краiны. Я хачу войска як ва ўзгаданым вышэй Iзраiлi, з яго ўсеагульнай вайсковай павiннасцю.
Ну а што. Краiна дэмакратычная — у гэтым сумневаў на сённяшнi дзень нiхто не мае. Краiна вельмi развiтая тэхналагiчна i навукова. У iзраiльскiм войску служаць мужчыны i жанчыны, усе грамадзяне краiны, за рэдкiм выключэннем у сувязi з дастаткова сур’ёзнымi хiбамi здароўя. Праўда, выдаткi Iзраiля на абарону адныя з самых высокiх у свеце — 4,3% ад ВУП, гэта больш, чым у Злучаных Штатах з iх 3,2%. У Беларусi гэты паказнiк летась склаў каля 1,2% ад ВУП, але, па шчырасцi, з улiкам водгукаў аб тым, чым у беларускiм войску займаюцца, нават гэтая лiчба выглядае завялiкай.
А яшчэ, акрамя высокiх выдаткаў на яго, iзраiльскае войска мае такi ж высокi прэстыж у грамадстве. «У iзраiльцянiна ёсць дзве запаветныя мары: рэпатрыяцыя i ЦАХАЛ*» (i гэта словы менавiта iзраiльцянiна). У войску знаходзiцца справа нават для людзей з iнвалiднасцю, для людзей з аутызмам. Грамадзяне займаюцца належнай вайсковай падрыхтоўкай не толькi падчас службы, але i да сарака гадоў яшчэ раз на год удзельнiчаюць у трэнiровачных зборах, каб не губляць набытыя навыкi й веды. Каб быць у тонусе. Вядома ж, яны не могуць дазволiць сабе не быць у тонусе. Такi ў iх лёс, такая геаграфiя. I гэта i ёсць адказам на лагiчнае пытанне, чаму ўсеагульную вайсковую павiннасць нiхто ў Iзраiлi не лiчыць за парушэнне правоў чалавека. Калi я спытала свайго тамтэйшага знаёмага, як так склалася, што гэты абавязак замацаваўся за ўсiмi грамадзянамi, адказ быў просты: «Мы ведалi, што павiнны абаранiць наша права iснаваць, нашу краiну. Хто гэта рабiў бы, калi не мы?» I ведаеце, я схiтрыла, калi выказала жаданне мець войска з усеагульнай павiннасцю — насамрэч, у iзраiльскiм варыянце мяне вабiць менавiта гэтая шчырая адданасць сваёй краiне i тое, што праз яе павiннасць успрымаецца як гонар, а не як пакаранне.
*ЦАХАЛ — Армія абароны Ізраілю
А таму я мару, каб такое войска было ў Беларусi — i вось у такiм войску я хачу служыць. Я не хачу страляць на палiгоне для цывiльных, я хачу павiннасць, якую буду ўспрымаць як гонар — але дайце мне, калi ласка, такое войска, у якое я пайду з задавальненнем. У якое любы i любая пойдзе з задавальненнем. З пачуццём асэнсаванасцi таго, што там будзе вывучаць, з гонарам за сваю краiну i яе вайсковую форму, з гарачым i шчырым жаданнем баранiць свой беларускi дом. I «без» — без пачуцця змарнаванага часу, без прафесiйнай дэградацыi, без бясконцых пошукаў «як адкасiць», без страху аднойчы быць знойдзенымi ў пятлi. У мяне ёсць добры адказ для нашага ўрада, якiм павiнна быць беларускае войска, каб у яго не было праблемаў з прызыўнiкамi: яно павiнна быць такiм, каб у iм хацелi служыць нават жанчыны. I яшчэ войска абавязкова павiнна быць беларускiм — ва ўсiх тых сэнсах, якiя я магу мець на ўвазе як нацыяналiстка: беларускiм iдэйна, ментальна i фiнансава. Я думаю, не так нашаму ўраду гэта i складана, бо ад каго баранiцца iм ужо сказалi.
Як гэта зрабiць? Рэцэптаў багата. Але давядзецца добра папрацаваць. Пракансультавацца з самымi прасунутымi й паспяховымi ў гэтым плане краiнамi, мадэрнiзаваць зброю i тэхнiку, пераразмеркаваць выдаткi, перапрафiляваць накiрункi. Так, на гэта спатрэбiцца шмах высiлкаў i палiтычнай волi, спатрэбяцца дадатковыя грошы, безумоўна, спатрэбiцца здаровы глузд. Гэта ўсё ж грунтоўная перабудова даволi вялiкай i значнай сферы. Але вынiкi можна атрымаць хуткiя, станоўчыя, а пры не самай аптымiстычнай перспектыве з суседскага боку — i вельмi карысныя.