Нібыта армія, нібыта адукацыя, нібыта дзяржава

«Не тое праблема, што ў органах дзяржаўнага кіравання часцяком сядзяць былыя троечнікі і наогул людзі з незразумелымі ведамі, не тое праблема, што за безліччу папер яны даўно ўжо не бачаць ані рэальнасці, ані будучыні, не тое бяда, што карупцыя і мана, а тое бяда, што ў арміі не служылі»,  —  піша Ганна Севярынец на «Свабодзе».

belnaviny.by_oficerov_zapasa_prizovut_na_sluzhbu_v_armiyu_belarusi.jpg




Я, праўда, не магу зразумець логікі. Шчыра стараюся, але не магу. Вось, прыкладам, опа — і міністэрства абароны высвятляе, што ў 2022 годзе яму катастрафічна не хопіць прызыўнікоў.

На што канкрэтна іх не хопіць — я не разумею, але дапускаю: ну там нейкія нарматывы, колькасць салдат на квадратны метр, можа быць. У кожным разе — не хопіць. Міністэрства абароны пачынае бедаваць.

Бядуе яно таксама незразумелым для мяне чынам. У прэамбуле да сёлетняга закону аб адтэрміноўках са скрухай пішацца: «Практика показывает, что в последние годы в органах государственного управления возрастает число руководителей, которые не проходили военную службу, службу в резерве или иным образом не получили военную подготовку». Аказваецца, гэта блага. Аказваецца, гэта праблема.

Не тое праблема, што ў органах дзяржаўнага кіравання часцяком сядзяць былыя троечнікі і наогул людзі з незразумелымі ведамі, не тое праблема, што за безліччу папер яны даўно ўжо не бачаць ані рэальнасці, ані будучыні, не тое бяда, што карупцыя і мана, а тое бяда, што ў арміі не служылі.

Нашто чыноўніку армія? Каб умець хутка перазараджаць аўтамат? Страляць па рухомых мішэнях? Прышываць каўнерыкі? Што такога катастрафічнага адбываецца з чыноўнікам, які не служыў у арміі? Незразумела.

Пабедаваўшы і адплакаўшыся, міністэрства пачынае прымаць меры. Напрыклад, эфектыўна змагацца з дзедаўшчынай. Напрыклад, падвышаць узровень культуры афіцэраў. Напрыклад, вяртаць прэстыж службы. Ці хаця б перабудоўваць казармы, думаць пра ежу і вопратку, пра побыт і камфорт салдат. Ну я б такое зразумела. Але ж не. Гэткія мерапрыемствы — яны для слабакоў. Для моцных — іншыя.

Злавіць, прымусіць, не пусціць за мяжу, выўдзіць з універсітэцкіх аўдыторый, за валасы выцягнуць з магістратуры — і ў боты. Ты тут хто? Ты тут дзяржаўная адзінка. У дзяржавы не хапае прызыўнікоў. Ясна?

Але ж гора-бяда: грамадства пачынае нервавацца. Ва ўсіх сыны. Усе сыноў любяць. Пачынаецца асцярожны, як гэта ў беларусаў заведзена, але ж заўважны незадаволены шум.

І тут — бац! Міністэрства адукацыі прапаноўвае льготнае паступленне на першую ступень вышэйшай адукацыі для былых вайскоўцаў і пазаконкурснае залічэнне на некаторыя спецыяльнасці. Бонусы, плюшкі і падарункі адлоўленым і ўвязненым у казармах! Цяпер тыя, каго гвалтам за валасы выцягнулі з інтэлектуальнай дзейнасці — змогуць потым паступіць у ВНУ без экзаменаў! Спявай і пляшы, краіна!

Не, ну яно як бы і добра: няхай у гэтага хлопца, які павінен сваім юначым целам закрыць дзірку ў статыстыцы мінабароны, будзе хаця б нейкая плюшка. Няхай ідзе сабе без экзаменаў у любы ўнівер. Хоць на арганічную хімію, хоць на прыкладную матэматыку, хоць на міжнародная адносіны. Усё адно і тую хімію, і тую матэматыку, і тыя адносіны за два гады канчаткова даб’е іншае, але такое ж крэатыўнае, міністэрства, навошта туды наогул экзамены, госпадзе. Ну схадзіў у нібыта армію, потым адвучыўся ў нібыта ўнівэрсітэце, і пайшоў сабе нібыта ў органы дзяржаўнага кіравання. Ну.

Блага толькі, што ён жа там, армеец наш неэкзаменаваны, новыя законы пачне прымаць.

www.svaboda.org