Лукашэнка падпісаў «Закон аб адтэрміноўках»
Закон «Аб змяненні законаў у пытаннях эфектыўнага функцыянавання
вайсковай арганізацыі дзяржавы» уступае ў моц праз дзесяць дзён пасля
афіцыйнага апублікавання, піша Белсат.

Як паведамілі ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, цяпер дазваляецца атрымліваць адтэрміноўку для працягнення адукацыі толькі адзін раз. Закон таксама абмяжоўвае прыняцце на дзяржаўную службу, службу ў сілавых органах грамадзянаў, якія ўхіліліся ад прызыву.
Разам з тым захаваныя ўсе адтэрміноўкі паводле стану здароўя, сямейнага становішча.
Таксама закон вызваляе ад выплаты затрачаных на іх падрыхтоўку сродкаў выпускнікоў, якіх накіравалі на працу пасля навучання за кошт бюджэту і якія добраахвотна паступілі на ваенную службу паводле кантракту і праслужылі не менш за тэрмін абавязковай работы.
Усе адтэрміноўкі для працягу адукацыі, дадзеныя да ўступлення ў моц закона, захоўваюцца да сканчэння падставаў, паводле якіх іх выдалі.
Таксама Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць меры для павышэння прэстыжу тэрміновай вайсковай службы.